Савет Рэспублікі аднагалосна ўхваліў праект бюджэту на 2020 год
Члены Савета Рэспублікі аднагалосна ўхвалілі праект бюджэту на 2020 год. Падтрымалі галоўны фінансавы дакумент Беларусі на будучы год 47 членаў ніжняй палаты парламента.
Дэфіцыт у праекце рэспубліканскага бюджэту на 2020 год вызначаны ў памеры 995,1 млн рублёў. Расходы складуць 25,4 рублёў (на 11,4% больш у параўнанні з 2018 годам), даходы вызначаныя ў 24,4 млрд рублёў (на 0,3% больш у параўнанні з 2018 годам).
У міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, які прэзентаваў праект бюджэту на 2020 год, пацікавіліся, ці можна лічыць дэфіцытны бюджэт «сігналам для структурных пераўтварэнняў».
«Складанае пытанне… Для структурных пераўтварэнняў у эканоміцы, з аднаго боку, заўсёды ёсць неабходнасць, а з іншага – існуюць рызыкі сацыяльнага характару. Любое структурнае пераўтварэнне патрабуе значнага рэзерву, каб зніжаць сацыяльныя рызыкі», – адзначыў Ермаловіч.
Паводле яго слоў, у апошнія гады дзяржава назапашвала прафіцыт бюджэту, а на 2020 год, «каб падтрымаць рост эканомікі, унутраны попыт, мы фінансуем дэфіцыт бюджэту».
«З пункта гледжання сігналаў для структурных пераўтварэнняў… Наша бюджэтнае правіла прадугледжвала, што даходы ад нафты і нафтапрадуктаў (кан’юнктурныя даходы) не размяркоўваюцца на расходы бюджэту, а накіроўваюцца на пагашэнне дзяржаўнага доўгу», – нагадаў Ермаловіч.
У апошнія гады, сказаў ён, дзяржава «не разгортвала расходную частку бюджэту». «Таму зараз, калі канʼюнктурныя даходы зніжаюцца ці ўвогуле знікаюць, нам няма неабходнасці згортваць расходы бюджэту і пераглядаць сацыяльныя абавязацельствы. Мы маем рэсурсы для забеспячэння ўсіх сацыяльных абавязацельстваў», – адзначыў міністр.
У сваю чаргу старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што магчымасці бюджэту абмежаваныя для падтрымкі рэгіянальных бюджэтаў.
«Сістэматычнае падсілкоўванне рэгіянальных бюджэтаў з рэспубліканскага бюджэту спараджае ўтрыманскія настроі на месцах. Калі мы працуем у рэгіёнах і калі рэгіёны звяртаюцца (па сродкі), мы павінны ставіць пытанне аб тым, што ўжо зроблена ў рэгіёнах», – сказаў Мясніковіч.
Паводле яго слоў, «трэба імкнуцца да таго, каб раёны максімальна выжывалі за кошт уласных сродкаў». На думку Мясніковіча, на наступную пяцігодку варта «закладваць больш дасканалыя падыходы, якія падахвочваюць рэгіёны працаваць у першую чаргу для фінансавага забеспячэння».