СБ прафінансуе мадэрнізацыю 29 аб’ектаў водазабеспячэння ў Беларусі



Сусветны банк у 2018 годзе прафінансуе мадэрнізацыю 29 аб’ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення ў Беларусі. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Марына Тоўсцік.

„Сусветны банк з 2009 года на рэалізацыю ў Беларусі праекта „Развіццё сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення” выдзеліў $150 млн пазыковых сродкаў. На гэты час асвоена каля $100 млн, завершаны работы па 29 аб’ектах. Яшчэ 29 плануецца ўвесці ў 2018 годзе на суму каля $50 млн”, – расказала Марына Тоўсцік.

Сярод праектаў – рэканструкцыя сістэмы каналізацыі ў Лагойску, Барысаве і Быхаве, каналізацыйнага калектара нумар 3 у Бабруйску, ачышчальных збудаванняў у Мсціславе. Плануецца таксама будаўніцтва галоўнай каналізацыйнай помпавай станцыі ў Ганцавічах, водаправодных сетак у Крычаве (першая чарга), станцыі абезжалезвання падземных вод на галаўным водазаборы ў Рэчыцы і 12 станцый абезжалезвання ў Віцебскай вобласці.

Праекты ў сферы водазабеспячэння рэалізуюцца таксама з удзелам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). У кансорцыуме з Паўночным інвестыцыйным банкам ЕБРР прафінансаваў рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў у Віцебску, Берасці, Гародні і будаўніцтва біягазавых комплексаў на ачышчальных збудаваннях у Слоніме і Баранавічах. Біягазавая ўстаноўка ў Баранавічах была ўведзена ў эксплуатацыю ў снежні 2017 года. Агульны аб’ём крэдытных сродкаў на рэалізацыю гэтых праектаў склаў 39,35 млн еўра, грантавае фінансаванне асвоена ў памеры 31,88 млн еўра. „Эфект па гэтых напрамках мае доўгатэрміновы характар, абумоўлены ў першую чаргу зніжэннем нагрузкі на навакольнае асяроддзе, звязаным з адвядзеннем сцёкавых вод”, – падкрэсліла Марына Тоўсцік.

Цяпер разглядаецца магчымасць удзелу ЕБРР у фінансаванні будаўніцтва станцый абезжалезвання.

Усяго з 2009 года ў сістэму ЖКГ Беларусі ў рамках супрацоўніцтва з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (асноўная крэдытная ўстанова Сусветнага банка), ЕБРР і Паўночным інвестыцыйным банкам прыцягнуты інвестыцыі на агульную суму каля 280 млн еўра. Марына Тоўсцік адзначыла, што ў Беларусі склаўся пазітыўны вопыт работы з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі па рэалізацыі праектаў у сферы ЖКГ. „Прыцягненне крэдытных сродкаў цяпер з’яўляецца асноўным спосабам рэабілітацыі камунальнай гаспадаркі. Міжнародныя банкі прапануюць даволі камфортныя ўмовы пазыкі, ёсць магчымасць прыцягнення перадавога вопыту і практыкі”, – дадала яна.

На балансе арганізацый ЖКГ Беларусі знаходзіцца 10 197 артэзіянскіх свідравін, 1 300 ачышчальных збудаванняў, 598 станцый абезжалезвання вады, 38,2 тыс. км водаправодных сетак, 18,5 тыс. км каналізацыйных сетак.

belta.by