Літва не будзе купляць электраэнергію з БелАЭС



Сейм Літвы на пасяджэнні 20 красавіка ўхваліў заканадаўчы акт, які забараняе імпарт электраэнергіі, што вырабляецца на небяспечных замежных АЭС, у тым ліку на Беларускай АЭС, паведамляе літоўскі партал DELFI.

 

Закон аб неабходных мерах па абароне ад пагроз, якія прадстаўляюцца небяспечнымі атамнымі электрастанцыямі трэціх краін, падтрымалі 87 са 141 дэпутата літоўскага парламента.

Паводле прынятага закона БелАЭС прызнана небяспечнай, бо, на думку літоўскага боку, „пры яе будаўніцтве і працы не выконваюцца патрабаванні экалагічнай, ядзернай, радыяцыйнай бяспекі, парушаюцца міжнародныя пагадненні і канвенцыі” і яна „з-за геаграфічнага становішча і тэхналагічных асаблівасцяў ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы, навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю”.

У чэрвені мінулага года ўрад Літвы прыняў план па эмбарга энергіі ад БелАЭС і Балтыйскай АЭС, што будуецца ў Калінінградзе, праект якой цяпер замарожаны, на энергетычны рынак Літвы ў прыватнасці і Еўрасаюза ў цэлым шляхам абмежавання таргоў на электрычнасць ад гэтых станцый у літоўскай зоне энергарынку Nord Pool. У гэтым годзе аб далучэнні да гэтай ініцыятывы заявілі улады Польшчы.

У лютым МЗС Літвы апублікаваў на сваім сайце дзесяць прычын, па якіх літоўскі бок не лічыць будаўніцтва Беларускай АЭС бяспечным. Прэтэнзіі датычацца працэдуры выбару і фізіка-геаграфічных характарыстык будпляцоўкі, уразлівасці АЭС перад падзеннем цяжкага самалёта, адсутнасці справаздачы па стрэс-тэстах і поўных высноў місіі МАГАТЭ па аглядзе пляцоўкі і канструкцый атамных аб`ектаў з улікам знешніх пагроз, небяспекі забруджвання вадаёмаў Літвы ў выпадку сур`ёзнай аварыі на БелАЭС і многага іншага.

Беларусь неаднаразова падкрэслівала, што праект БелАЭС абсалютна бяспечны, што будаўніцтва вядзецца з захаваннем усіх узятых на сябе дзяржавай міжнародных дамоўленасцей і што літоўскаму боку была дадзена ўся інфармацыя, якая гэта даказвае.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расіі. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вода-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ы.

belapan.by