Сезонныя працы ў Літве прыцягваюць вялікім заробкам



Літва ўваходзіць у тройку краін, у якія беларусы найчасцей выпраўляюцца на заробкі.

На першым месцы – Расея, куды на працу ў першым квартале, паводле беларускага МЗС, выехалі 932 чалавекі. На другім месцы – Польшча і 527 чалавек. На трэцім – Літва і 410 беларусаў, – піша TUT.BY.

У статыстыцы МЗС пры гэтым не ўлічваюцца тыя грамадзяне, якія выехалі на працу не праз арганізацыі па працаўладкаванні, а самастойна. Калі казаць пра Літву, то шмат вакансій у сферы паслуг, асабліва на марскім узбярэжжы, таксама ў сельскай гаспадарцы. Пры гэтым у параўнанні з мінулым годам заробкі на сезонных працах на 10-15 працэнтаў вышэйшыя, падчас іх можна зарабляць ад 500 да 1000 еўра ў месяц.

Сезонныя працы зараз у самым разгары. Яны доўжацца да кастрычніка. А для добрых работнікаў гэтая праца часта становіцца пастаяннай.