Шчоткіна: Падвышэння пенсійнага ўзросту нам не пазбегнуць
У Беларусі ў будучыні прыйдзецца павышаць пенсійны ўзрост, заявіла 30 студзеня ў Менску журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.
«Нам гэтага не пазбегнуць. Пытанне — калі. Рашэнне не прынята, таму што важна паабмяркоўваць, паглядзець, што будзе ў дзяржаве. Тут вельмі важнае меркаванне ўсіх, таму што мы павінны думаць пра будучыню і глядзець, што будзе праз пяць гадоў, дзесяць і дваццаць гадоў. Нельга дапусціць, каб раптам нейкі калапс прыйшоў. Мы заўсёды павінны гарантаваць грамадству, што яно будзе развівацца арганічна”, — сказала яна.
Пры гэтым Шчоткіна лічыць, што не варта рабіць узроставы цэнз для выхаду на пенсію жанчын і мужчын аднолькавым. „Як чалавек, які ўзначальвае Беларускі саюз жанчын, лічу, што ў нас нагрузка на жанчын значна вышэйшая. Калі кажуць, што давайце выраўнуем гендэрны аспект, што ў іншых дзяржавах гэта так. Але там жа і іншыя падыходы да сямейнай палітыкі, да хатніх абавязкаў”, — адзначыла яна.
„Чалавеку, шчыра кажучы, не цікава, якія мы ставім паказчыкі — балансавыя, індыкатарныя. Ён адчувае працу ўрада і працу сацыяльнага напрамку па сабе і сваіх блізкіх. Як выплачваецца зарплата, які яе ўзровень. Сёння вельмі важна, каб кожная вытворчасць і кожная арганізацыя мелі свой план развіцця, у тым ліку і для кадраў”, — дадала яна.
БелаПАН