Шматвектарнасць – аб’ектыўная рэальнасць
Паслабленне дапамогі з боку Расеі прымусіць Беларусь праводзіць рэальную шматвектарную эканамічную палітыку, – лічыць эканаміст Аляксандр Сінкевіч. Хоць і гэта не вызваліць Беларусь ад геапалітычнай залежнасці ад усходняй суседкі, – мяркуе эксперт:
– Беларусь заўжды заяўляла пра шматвектарную палітыкі. І гэтай шматвектарнасці пара набыць нейкія рэальныя абрысы. Бо праблема нават не ў тым, што мы можам не атрымаць расейскі крэдыт. А ў тым, што плацёжаздольнасць расейскага рынку катастрафічна зніжаецца з падзеннем коштаў на нафту і падзеннем расейскага рубля. Нам у прынцыпе трэба шукаць нейкія іншыя рынкі – гэта аб’ектыўная сітуацыя.
Сёння Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы новага брытанскага пасла, заявіў, што Беларусь разлічвае на актывізацыю сувязяў з Вялікабрытаніяй. «Нам трэба пераадолець нейкую псіхалагічную мяжу ў адносінах і паглядзець, магчыма, новымі вачыма адзін на аднаго і знайсці тыя пазітыўныя кірункі, па якіх мы абавязкова павінны супрацоўнічаць,» — сказаў беларускі лідар.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info
