Шосты транш крэдыту ЕФСР Беларусь атрымае ў найбліжэйшы час



Беларусь найбліжэйшым часам атрымае шосты транш у 200 млн долараў крэдыту па лініі Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 верасня на нарадзе з членамі ўрада ў Менску.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на беларуска-расійскіх перамовах у Сочы 21 верасня абмяркоўваўся цэлы блок фінансавых праблем. Ён у прыватнасці нагадаў, што некалькі гадоў таму была дасягнутая дамоўленасць аб выдзяленні Беларусі крэдытных рэсурсаў ЕФСР ў агульным аб’ёме 2 млрд долараў ЗША.

„Мы атрымалі пяць траншаў. Застаўся шосты і сёмы. Я не бачу ніякіх праблем з вылучэннем шостага траншу, і, як было заяўлена, можна вырашыць пытанне па сёмым траншы. Усё залежыць ад таго, як перш за ўсё беларускі бок у гэтым кірунку будзе працаваць. Думаю, што гэта вырашальнае пытанне. Шосты транш Беларусь атрымае ў найбліжэйшы час. Сёмы — гэта ўжо справа актыўнасці перш за ўсё беларускіх урадоўцаў”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Па выніках беларуска-расійскіх перамоў Лукашэнка заявіў, што ў пытанні магчымасці рэфінансавання 1 млрд долараў доўгу па лініі двухбаковага супрацоўніцтва непрымання з расійскага боку не было.

„Мы абмяркоўвалі пытанне аб рэфінансаванні доўгу ў 1 млрд долараў. І тут таксама непрымання не было ніякага”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Праграму аб атрыманні крэдыту на 2 млрд долараў ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця беларускія ўлады падпісалі вясной 2016 года. Крэдыт павінен быць дадзены ў 2016—2018 гадах сям’ю траншамі. Беларусь атрымала пяць траншаў на 1,6 млрд долараў. Для атрымання астатніх двух траншаў улады павінны рэалізаваць комплекс мер у галіне макраэканамічнай палітыкі. Раней Міністэрства фінансаў разлічвала атрымаць апошнія траншы еўразійскага крэдыту на 400 млн долараў у першым квартале 2018 года.

Выступаючы 24 красавіка з пасланнем народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада і Нацбанка ў найбліжэйшыя гады перарасці даўгавую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. „Будучым пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без даўгоў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу кіраўнік Нацбанка Павел Калаур паведаміў, што да 75% знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусь плануе рэфінансаваць і толькі 25% — пагасіць за кошт заробленых эканомікай сродкаў. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра 2018-ты і наступныя гады. „Ва ўсялякім выпадку, да канца бягучай пяцігодкі”, — дадаў Калаур.

„Рэфінансаванне — гэта агульная міжнародная практыка, — сказаў ён. — Гэта адзін з інструментаў забеспячэння сваіх абавязацельстваў. Усе краіны ім карыстаюцца”.

belapan.by