Што адбываецца са знешнім гандлем Беларусі?
Белстат абнародаваў статыстыку знешняга гандлю Беларусі таварамі за студзень – люты. За два першыя месяцы бягучага года Беларусь нагандлявала на 12 млрд 973 млн 500 тысяч долараў. Імпарт тавараў крыху перавысіў экспарт, сальда – адмоўнае, 439 млн долараў.
Большую выгаду прынёс гандаль з краінамі СНД: экспартавалі на 616 мільёнаў долараў болей, чым імпартавалі. З іншымі дзяржавамі – наадварот: імпарт перавысіў экспарт на 1 млрд 55 млн долараў. У параўнанні з леташнім студзенем – лютым экспарт агулам крыху прасеў, імпарт – падрос.
У Беларусі другі месяц запар скарачаецца дапамога на пахаванне
У Беларусі другі месяц запар скарачаецца дапамога на пахаванне. Пра гэта паведамляе Федэрацыя прафсаюзаў. У красавіку дапамога складае 1687,8 рублёў. За апошнія два месяцы дапамога скарацілася на 227,8 рубля.
У Беларусі памер дапамогі на пахаванне залежыць ад сярэдняга заробку па краіне і змяняецца штомесяц. Дапамога раўняецца заробку па стане на пазамінулы месяц адносна месяца наступлення смерці. У лютым дапамога на пахаванне павялічылася да 1915,6 рублёў з-за снежаньскага росту сярэдняга заробку. Але за студзень і люты сярэдні заробак упаў на 227,8 рублёў. На такую ж суму скарацілася красавіцкая дапамога на пахаванне ў параўнанні з лютаўскай. (news.zerkalo.io)
На БелАЭС пачаўся энергетычны пуск другога энергаблока
Арганізацыя “Беларуская АЭС” атрымала дазвол на энергетычны пуск другога энергаблока станцыі. Гэта дае структуры права пачаць энергетычны пуск з павелічэннем магутнасці ядзернай устаноўкі да 40 працэнтаў ад намінальнай. Па дадзеных “Расатама”, этап энергетычнага пуску ўжо пачаўся. Энергетычны пуск – гэта адзін з этапаў падрыхтоўкі энергаблока АЭС да работы. Ён папярэднічае доследна-прамысловай эксплуатацыі.
Раней генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў – „Сосны” НАН Беларусі Андрэй Кузьмін казаў, што другі энергаблок БелАЭС павінен быць запушчаны да канца года. Пасля ўвядзення ў работу другога энергаблока БелАЭС тэарэтычна зможа выпрацоўваць каля 18 млрд кВт•гадз у год. У 2024 годзе электраэнергію, вырабленую на АЭС, Беларусь плануе прадаваць у Расію.
У EPAM распавялі, колькі грошай кампанія выдаткавала на рэлакацыю
У 2022 годзе выдаткі EPAM на рэлакацыю супрацоўнікаў склалі 38,7 мільёнаў долараў. Гаворка ідзе пра грошы, якія спатрэбіліся, каб перавесці супрацоўнікаў з Беларусі, Украіны і Расіі ў офісы ў іншых краінах. Кампанія аплачвала пражыванне, праезд і харчаванне, піша Office Life.
EPAM кажа, што яе выручка у Беларусі, Украіне і Расіі скарацілася на 71,8%. Таксама раней пісалі, што за мінулы год беларуская каманда кампаніі скарацілася больш чым у два разы — з 9,4 тысяч чалавек да 4,5 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота мае ілюстрацыйны характар