Што будзе з беларускімі прамысловымі грандамі?



Былы кіраўнік прадпреымства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў мяркуе, што з-за расейскага крызіса буйныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі патрапілі ў безвыходнае становішча.

Спіс стратных ААТ па выніках трох кварталаў мінулага году ўзначалілі такія буйныя прадпрыемствы, як МАЗ, МТЗ, БелАЗ. Што далей? За кошт чаго плануецца стабілізаваць сітуацыю?

Васіль Шлындзікаў: На мой погляд, пакуль сітуацыю стабілізаваць немагчыма. Былі ў гісторыі прыклады, калі буйныя прадпрыемствы абанкручваліся, і іх чакала рэструктуралізацыя са з’яўленнем цэлай групы прадпрыемстваў. І кожнае з іх выжывала паасобку. Як мне падаецца, гэта сёння адзіны шлях і для беларускіх прамысловых грандаў. Іншых я не бачу. Адным словам, прыйдзецца праз сілу зрабіць тое, што можна было спакойна зрабіць яшчэ даўно.

РР: У час, калі Расея сама знаходзіцца ў эканамічным крызісе, ці надоўга беларускім прадпрыемствам хопіць запасу трываласці?

 Васіль Шлындзікаў: Думаю, не надоўга, бо ў іх, па сутнасці, і няма запасу трываласці. Невядома яшчэ, ці дацягнуць да лета. Усё, безумоўна, будзе залежыць ад сітуацыі ў Расеі, але, мяркуючы па ўсім, Масква не адмовіцца ад свайго ўмяшальніцтва ў справы Украіны. Значыць крызіс працягнецца, а гэта наўпрост скажацца на беларускай эканоміцы, і на беларускіх прадпрыемствах.

 РР: Некаторыя раяць беларускім прамыслоўцам адвязацца ад Расеі і шукаць рынкі ў Афрыцы ці Азіі.

 Васіль Шлындзікаў: Дык нічога ж не перашкаджала гэта рабіць і раней. У свой час, калі ўлада палічыла, што яна можа змяняць законы эканомікі, абанкруцілі практычна ўсе знешнегандлёвыя фірмы буйных прадпрыемстваў, якія раней існавалі. І ўсе тыя напрацоўкі, што былі, проста пахавалі. Вось і ўсё.

РР: Як вы ставіцеся да таго, што беларускім пасольствам за мяжой паставілі задачу па сутнасці займацца продажам трактараў ці іншай айчыннай прадукцыі?

Васіль Шлындзікаў: Мяркую, што з такой ініцыятывы ўсё роўна нічога не атрымаецца. Збытам прадукцыі павінны мэтанакіравана займацца прафесіяналы. Іншая справа, што пасольствы могуць аказваць нейкае садзейнічанне ў прасоўванні тавараў на замежныя рынкі. Але, каб стварыць сістэму продажаў у нейкай краіне, трэба займець яшчэ і цэлую сетку. Не толькі дылераў, але і сервіснае абслугоўванне. А гэта ўсё вельмі дарагое задавальненне. Дзе беларускаму прадпрыемству, якое ледзь выжывае, знайсці грошы, каб такое стварыць? Так што сітуацыя складаная, і я не зайздрошчу сёняшнім кіраўнікам буйных прадпрыемстваў і больш дробным. Яны сталі, можна сказаць, закладнікамі сітуацыі.

РР: У такіх умовах на што зараз могуць разлічваць работнікі буйных прадпрыемстваў?

Васіль Шлындзікаў: Я б б ім на ўсялякі выпадак параіў шукаць іншую працу. Калі Расея не супакоіцца ў сваіх імперскіх амбіцыях, то працягнецца і агонія беларускіх прадпрыемстваў. Я бачыў тое ж самае ва Усходняй Еўропе, калі разваліўся рынак Савецкага Саюза. Заводы-гіганты рассыпаліся, але ж затым рэфармаваліся разам з краінай і аднавіліся. Нашы рэфармавацца не хочуць. Усе спадзяванні на расейскі рынак, а адсюль і праблемы.

 Кастусь Заблоцкі. Беларускае Радыё Рацыя