Што будзе з Чыжом і яго бізнесам?



Былы палітвязень і экс-генеральны дырэктар гандлёвага дому “Бел-Бабаеўскае” Сяргей Скрабец распавядае пра тое, што можа стаяць за затрыманнем бізнесмена Юрыя Чыжа.

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец (Фота svaboda.org)

Сяргей Скрабец: На мой погляд, тое, што Чыжа падазраюць у нявыплаце падаткаў, мае месца быць, але не гэта галоўнае. Улады агучылі  гэта, таму што не могуць жа яны сказаць, што бізнесмен, магчыма, павінен і іншыя сумы. Зрэшты, ужо даўно хадзілі чуткі, што “імперыя Чыжа” шмат павінна, той распрадаваў сваю маёмасць, скарачаў выдаткі практычна па ўсіх накірунках свайго бізнеса. Ёсць яшчэ і версія вываду капітала бізнесменам, але я ў яе не веру па той простай прычыне, што ён знаходзіўся поўнасцю пад кантролем. Ранейшы арышт сузаснавальніка “Трайпла” Уладзіміра Япрынцава і яго сына таксама нанеслі ўдар па бізнесу, бо, па некаторых чутках, там гаворка ідзе пра мільёны зніклых даляраў. 

РР: Як так атрымалася, што адзін з самых багатых людзей краіны, якія быў набліжаны да Лукашэнкі, сёння апынуўся за кратамі?

Сяргей Скрабец: Бізнес Чыжа не вытрымаў той сацыяльнай нагрузкі, якую на яго ўсклалі. Ён не быў бізнесменам у чыстым выглядзе. Трэба пабудаваць царкву, лядовы палац ці гарналыжны курорт – Чыж, даставай грошы! Безумоўна, ён меў нейкія падаткавыя ільготы, далі яму нафтавы бізнес, але крызіс ударыў па бізнесу, а апетыты не скараціліся. І бізнес абанкруціўся.

РР: На ваша меркаванне, які лёс далей чакае бізнесмена і яго бізнес?

Сяргей Скрабец: Ужо сёння доля Чыжа ў асноўным капітале, наколькі мне вядома, не такая і вялікая. Невядома, як далей будзе развівацца гэтая гісторыя, у які бок яна павернецца, але не выключана, што частку бізнеса бізнесмена прададуць у рахунак падаткаў і тых грошай, што не змог вярнуць. Бізнес-імперыя можа разваліцца на кавалкі, якія падбяруць тыя, хто на сёння знаходзіцца ў фаворы. А самога Юрыя Чыжа, мяркую, выпусцяць праз нейкі час на волю. Справа можа нават да суда не дайсці, калі чалавек аплоціць усе “па вексэлях” ды яшчэ і папросіць пра памілаванне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя