Што будзе з еўра?
Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае, чаму падае курс еўра да даляра, і хто ад гэтага пацерпіць у Беларусі.
Пасля звестак у мінулыя выхадныя, што на выбарах у Грэцыі перамогу атрымоўвае партыя “Сірыза”, на ранішніх таргах у Аўстраліі курс еўра знізіўся ў адносінах да большасці асноўных валют.
Як перадае Reuters, у адносінах да даляра еўра згубіў амаль палову амерыканскага цэнта, курс пры гэтым дасягнуў 1,1170 даляра за адзін еўра.
РР: Некаторыя аналітыкі прагназуюць, што курс даляра і еўра наогул могуць зраўняцца. Такое магчыма?
Станіслаў Багданкевіч: Я яшчэ дзесяць гадоў таму рабіў амаль такі прагноз. Казаў, што праз час за еўра будуць даваць недзе 1,10 даляра. Як бачым, не вельмі і памыляўся.
РР: Чаму сёння адбываецца такое падзенне еўрапейскай валюты?
Станіслаў Багданкевіч: У ЗША высокімі тэмпамі расце валавы прадукт, зніжаецца беспрацоўе. Эканоміка на пад’ёме. А ў Еўропе трэба паглядзець, што толькі ў Грэцыі робіцца. Там існуе наогул пагроза развала еўразоны. У Германіі, Польшчы сітуацыя нармальная, але праблемы ў Іспаніі, Грэцыі, Італіі працягваюцца.
РР: Што далей?
Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, што пакуль еўра да даляра будзе трымацца ў адносінах 1 да 1,10. А можа нават і быць адзін да аднаго. Гэта рынак, паглядзім, як ён сябе павядзе ў гэтай сітуацыя.
РР: Хто ад такога зніжэння еўра пацерпіць у першую чаргу ў Беларусі?
Станіслаў Багданкевіч: На беларускім валютным рынку гэта асабліва не адаб’ецца, бо ўся эканоміка Беларусі прывязана да даляра. Кантракты і з Расеяй, і з Еўропай заключаюцца менавіта ў амерыканскай валюце. А пацерпяць тыя, хто мае бягучыя і тэрміновыя дэпазіты ў еўра.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя