Што будзе з гарадзенскімі кавярнямі?



У Гародні няма каранціну, аднак шматлікія кавярні і кропкі грамадскага харчавання, колькасць якіх павялічылася за апошні год, у перыяд каронавіруса вымушаны зачыніцца.

Пра прычыну закрыцця распавядае ўладальнік кавярні „Карыца” Томаш Анікеіч:

– Мы проста сышлі на каранцін. Самі вырашылі сысці таму, што як ні круці вірус ёсць. Тэма актуальная, усе людзі па рознаму да гэтага ставяцца. Сутнасць у тым, што гэта праблема ёсць і да гэтага трэба падыходзіць сур’ёзна. Людзі заражаюцца, а бар – гэта месца гуртавання людзей.

Па словах Зміцера Захаркі, уласніка кавярняў „Справа” і “Наша кава”, якія працуюць – яны ледзь выжываюць:

– Працуецца нам складана. У нас дзве ўстановы, у адной працуем на вынас таму, што вуліца прахадная, людзей ходзіць шмат, набываюць каву з сабой. Другая ўстанова, дзе больш пасядзець, людзей стала ў некалькі разоў меней. У нас і так іх было не надта шмат, а стала ў разы меней. Пытанне ці выжыве гэта ўстанова.

На думку ўласнікаў кавярняў, апроч каронавіруса на закрыццё паўплывала закрыццё межаў, а таксама курс валютаў ды кепскі фінансавы стан жыхароў гораду.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня