Што будзе з гаспадаркай у раёнах, пацярпелых ад ЧАЭС?
Амаль на 30% у даляравым эквіваленце скарачаюцца выдаткі на сацыяльную абарону, медыцынскае абслугоўванне і санаторна-курортнае лячэнне жыхароў, якія пражываюць на забруджаных радыяцыяй раёнах Беларусі.
(Фота sputnik.by)
Тым часам аб’ём фінансавання сельскай гаспадаркі ў чарнобыльскіх рэгіёнах павялічваецца ў паўтара раза. Такія прыярытэты адлюстраваныя ў перагледжанай Дзяржаўнай праграме пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
Паводле кіраўніка экспертнага цэнтра „Стратэгічная думка” Аляксея Харкевіча, стаўка на адраджэнне сельскай гаспадаркі ў пацярпелых ад радыяцыі раёнах – памылковая:
– Развіццё, асабліва сельскай гаспадаркі на гэтых тэрыторыях, яно апрыёры неканкурэнтаздольнае. Каб атрымаць насамрэч чыстую прадукцыю неабходна вельмі сур’ёзна ўкладвацца – гэта вапнаванне глебы і дадаванне разнастайных угнаенняў, якія спрыяюць таму, каб радыёнукліды не назапашваліся. Выдаткі робяць гэтую прадукцыю дарагой і ў параўнанні з іншымі раёнамі Беларусі неканкурэнтаздольнымі.
Аляксей Харкевіч канстатуе таксама скарачэнне выдаткаў на арганізацыю бясплатнага харчавання для школьнікаў і навучэнцаў з пацярпелых ад радыяцыі рэгіёнаў.
Паводле новай версіі чарнобыльскай праграмы, па выніку 2015 года на Гомельшчыне выдаткі на харчаванне дзяцей склалі каля 47% ад планаў 2010 года.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель