Што будзе з «камуналкай»?



Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін распавядае пра тое, як у бліжэйшы час будуць змяняцца цэны на паслугі ЖКГ.

1 сакавіка ў Адміністрацыю кіраўніка краіны быў накіраваны праект указу “Аб удасканаленні сістэмы аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі, якія аказваюцца насельніцтву”. Праект распрацоўвала працоўная група, у якую ўваходзілі прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Уладзімір Кавалкін: Сітуацыя з цэнамі на паслугі ЖКГ будзе складацца такім жа чынам, як складалася ужо шмат разоў. Спачатку тарыфы крыху, як кажуць, адкруцяць назад, а затым ізноў пачнуць павышаць. І ў сувязі з тым, што летам сонечны дзень большы, а надвор’е цёплае, жыроўкі вельмі моцна за святло і ацяпленне не вырастуць. А вось восенню ўсе акажуцца ўжо ў новай рэальнасці з новымі тарыфамі, да якіх за лета крыху прызвычаяцца.

 РР: Падобная сітуацыя ў свой час была і з цэнамі на бензін?

Так. Пасля моцнага падвышэння цэнаў на бензін кіраўнік краіны выступіў з рэзкай заявай. Цэны пасля гэтага знізілі, а затым за некалькі месяцаў ізноў вярнулі на ранейшы узровень. Як літр бензіну каштаваў ад 90 цэнтаў да даляра, так і застаўся. І яшчэ раней (у 2006-2007 гады) акцызы на паліва таксама то павялічвалі, то зніжалі, а потым ізноў павялічвалі.

РР: Адным словам, сітуацыя больш падобная на піяр-акцыю…

Безумоўна, Лукашэнка паказаў, што ён абараняе людзей ад чыноўнікаў, хоць на самой справе усе ведалі пра падвышэнне паслуг ЖКГ і нагоды для таго падвышэння фундаментальныя. Першая – дзіркі ў бюджэце. Зараз неабходна скарачаць выдаткі бюджэта, у тым ліку – на субсідзіраванне ЖКГ. А значыцца трэба павышаць тарыфы. Па-другое, улады мараць атрымаць крэдыт Міжнароднага валютнага фонда, а ў апошняга даволі жорсткія патрабаванні, якія ўключаюць і давядзенне цэнаў на паслугі ЖКГ да 100 адсоткаў. Дарэчы, не так даўно прамільгнула навіна, што магчыма адрасная сацыяльная дапамога для тых катэгорый людзей, які не маюць магчымасці “пацягнуць” новыя тарыфы. Таму далейшы рост коштаў ЖКГ у звязку з кропкавымі сацыяльнымі дапамогамі – вось тое, што нас чакае ў бліжэйшы год-два.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя