Што будзе з “Мотавела”?
“Дзяржава возьме прадпрыемства пад свой кантроль”, – мяркуе эканаміст Барыс Жаліба.
Нагадаем, што днямі з не пацверджаных пакуль афіцыйных дадзеных стала вядома: у Менску, маўляў, затрыманы буйны беларускі бізнесовец Аляксандр Мураўёў, сярод актываў якога — шэраг шкляных прадпрыемстваў у Беларусі і Расеі, а таксама прадпрыемства “Мотавела”.
Як паведамляе kyky.org, акрамя самога Аляксандра Мураўёва, затрыманыя таксама два ягоныя браты і партнёры. Паводле інфармацыі крыніцы партала, усяго затрымана дзевяць чалавек. Прычына — парушэнне ўмоў інвестыцыйнай дамовы.
Як стала вядома ўчора, новым кіраўніком “Мотавела” ўжо прызначаны былы старшыня Менскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька.
Барыс Жаліба: Калі я не памыляюся, гэтае прадпрыемства ўжо перадавалі ў кіраванне гораду, але затым прадалі Мураўёву. Зараз жа сітуацыя да гэтага часу не поўнасцю ясная, бо афіцыйныя структуры пакуль ці то не хочуць, ці то не могуць каментаваць тое, што адбылося. Маўчыць КДБ, не дае каментароў Следчы камітэт… Можна меркаваць, што Аляксандр Мураўёў не выканаў нейкія свае абяцанні па развіцці і мадэрнізацыі прадпрыемстваў альбо выканаў іх часткова. Адным словам, на сёння на шэрагу прадпрыемстваў бізнесмена незадавальняючая эканамічная абстаноўка, ён не змог у беларускіх умовах нечага дасягнуць.
РР: Дык практычна ўсе беларускія прадпрыемствы ў такім стане. Усіх кіраўнікоў – за краты?
Барыс Жаліба: Я ж кажу, што ў гэтай гісторыі мы не ведаем усіх падрабязнасцей. Але можна сказаць адно дакладна – пасля такіх выпадкаў бізнес-атмасфера ў краіне стала яшчэ горшай. Калі на чарговага буйнога бізнесмена накідваюць кайданкі, то яго калегам становіцца працаваць не па сабе. І многія пасля гэтага думаюць: ці можна наогул у Беларусі займацца бізнесам?
РР: Адным словам, гэта не дадае інвестыцыйнай прывабнасці краіне?
Барыс Жаліба: Гэта палохае любых інвестараў – з замежнымі каранямі, з беларускімі… Таму замежны бізнес пяць разоў падумае, перш чым укладваць сюды грошы.
РР: Які, на ваш погляд, лёс чакае “Мотавела”?
Барыс Жаліба: Думаю, дзяржава возьме прадпрыемства пад свой кантроль. Не дарэмна ж ім паставілі кіраваць былога старшыню Менгарвыканкама. А розныя юрыдычныя працэдуры аформяць пасля – у гэтым сумнявацца не даводзіцца. Адбываецца другое вяртанне “Мотавела” дзяржаве.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by