Што будзе з цэнамі на паліва?
Эканаміст Барыс Жаліба прагназуе, як закупка Беларуссю нафты па сусветных коштах можа адбіцца на звычайных аўтааматарах.
9 лютага паліва ў Беларусі вырасла ў чарговы раз на 1 капейку, і гэта ўжо шостае падаражэнне ў гэтым годзе. А што будзе з цэнамі на дызель і бензін, калі Беларусь будзе купляць у Расеі нафту па сусветных коштах?
Барыс Жаліба: Відавочна, што нічога добрага аўтааматарам у перспектыве чакаць не варта. Сёння паліва і так рэгулярна даражэе, а калі пачнем купляць дарагую нафту, то гэтыя тэмпы паскорацца ў разы.
Адным словам, мяркую, пра лепшыя часы і танную нафту даводзіцца ўжо забыць, а значыцца не будзе і таннага паліва. Таму цэны на бензін працягнуць расці, і магчыма, ужо ў хуткім часе кожны тыдзень паліва будзе даражэць не на 1 капейку, а ўжо на 2 капейкі. Да гэтага трэба рыхтавацца.
РР: Якога ўзроўню могуць дасягнуць цэны на паліва на беларускіх АЗС?
Барыс Жаліба: Цяжка сказаць. За апошні год цэны выраслі амаль на 20 працэнтаў, і прыкладна на столькі ж вырастуць яшчэ ў гэтым годзе. Не выключаю, што рост будзе і большы.
РР: Калі ў Расеі паліва будзе таннейшае, чым у Беларусі, то пры адсутнасці мяжы могуць спекуляваць на гэтай з’яве?
Барыс Жаліба: Найперш у Расеі будуць запраўляцца тыя, хто жыве на мяжы альбо вадзіцелі, якія едуць транзітам праз Беларусь. Але не думаю, што будзе нейкі вялікі спекулятыўны інтарэс. Тым больш, што, відаць, вялікай розніцы ў цане на расейскіх АЗС і беларускіх не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя