Што чакае беларускі рубель?
“Што чакае беларускі рубель? Нічога добрага, зыходзячы з таго, што сёння адбываецца ў эканоміцы. Экспарт значна ніжэйшы за імпарт”, – прагназуе Міхаіл Чыгір, былы прэм’ер-міністр Беларусі:
– Вось гэты дысбаланс сказваецца ў першую чаргу на ўстойлівасці нягледзячы на зніжэнне цаны на газ, на нафту. Мы менш будзем плаціць, таму гэты дысбаланс вядзе да праблемных з’яваў у сферы фінансаў. Перадусім сказваецца на ўстойлівасці нацыянальнай валюты. Курс нашай нацыянальнай валюты наблізіцца да 30 тысячаў рублёў за даляр.
Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Яраслаў Раманчук таксама не дае аптымістычных прагнозаў:
– Беларускі рубель быў і застаецца псеўда-грашыма, і мы ўсе чакаем, калі ў канцы канцоў нашыя ўлады даспаспеюць да таго, каб адзін з сімвалаў суверэнітэту вывесці ці падняць на належны ўзровень. Так што 20 плюс – гэта наша рэальнасць.
“Нават барацьба з імпартам не дапаможа”, – дадае Яраслаў Раманчук. Адзначым, што на сённяшніх таргах у Менску даляр вырас на 82 рублі і складае 17 тысяч 573 беларускіх.
Еўра вырас на 43 рублі і складае 19 тысяч 735 беларускіх.