Што чакае беларускі рубель у 2017-м годзе?
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб прагназуе, якія могуць быць рызыкі для нацыянальнай валюты ў наступным годзе.
Вадзім Іосуб: Стабільнасць беларускага рубля будзе залежыць ад таго, ці ўдасца Нацыянальнаму банку прытрымлівацца незалежнай і ўзважанай манетарнай палітыкі. Неабходна, каб яна па меншай меры была падобная на тую, якую Нацбанк праводзіў апошнім часам. Гэтая палітыка ўключае ў сябе забарону на выкарыстанне друкарскага станка для падвышэння незаробленых заробкаў і для выдачы ільготных крэдытаў неэфектыўным прадпрыемствам. Апошнія два гады гэта ўдавалася. Паступова зніжалася інфляцыя і даволі нядрэнна (асабліва, пачынаючы з лютага) складвалася сітуацыя на валютным рынку.
РР: Некаторых насцярожваюць пастаянныя абяцанні зрабіць у 2017-м годзе сярэдні заробак 500 даляраў…
Вадзім Іосуб: Так, за апошнія некалькі месяцаў кіраўнік дзяржавы, здаецца, тры разы закранаў гэтую тэму. Але тут прагнозы такія. Калі ўлады адмовяцца ад ідэі зрабіць заробак у межах 500 даляраў, то ўсё для рубля будзе дастаткова стабільна, і валютны кошык, думаю, падаражэе прыблізна на ўзровень інфляцыі. Калі ж вернуцца да практыкі падвышэння заробкаў за кошт друкарскага станка, то нават складана спрагназаваць, на колькі можа падскочыць курс замежных валют. У такім выпадку рэзкі ўзлёт інфляцыі будзе гарантаваны. Але мне падаецца, што базавым сцэнарам стане тое, што абяцанне даць усім па 500 даляраў рэалізавана не будзе і пры гэтым захаваецца пэўнай стабільнасць на валютным рынку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя