Што чакае беларускую эканоміку?



Эканаміст Барыс Жаліба прагназуе, якія новыя пагрозы сёння з’явіліся для беларускай эканомікі.

Барыс Жаліба: Многія краіны пайшлі на татальны каранцін, там працуюць толькі прадпрыемствы, якія вырабляюць прадукцыю першай жыццёвай неабходнасці – харчовыя тавары, сельскагаспадарчыя, вытворцы лекаў і такія службы, як энергетыкі, МНС і гэдак далей.

Іншыя прадпрыемствы, якія не працуюць, суадносна не даюць ніякі ўнёсак у ВУП краіны, але ўлады на гэта пайшлі. Больш за тое – падтрымліваюць іх фінансава. Ідзе дапамога і бізнесу і канкрэтным людзям, шмат дзе аб’яўлены крэдытныя канікулы.

Але ў Беларусі гэтага нічога няма, бо наша эканоміка не мае запасаў фінансавай магутнасці. Напрыклад, у Расеі такі запас ёсць – там 550 мільярдаў залатавалютных рэзерваў.

РР: Беларуская эканоміка каранцін не перажыве?

Барыс Жаліба: Перажыла б і некалькі тыдняў, і месяц. Трэба было б таксама прыпыніць дзейнасць прадпрыемстваў, якія не маюць стратэгічнага для краіны значэння, закрыць на час ВНУ і іншыя навучальныя ўстановы.

Пасля ўжо можна было б, як кажуць, залізваць раны і падлічваць, на колькі ВУП зменшыўся. Але, мяркую, і без каранціна ён зменшыцца з-за праблем з нафтай, зніжэннем попыту на прадкцыю. Іншая справа, што ўводзіць каранцін у Беларусі ніхто не збіраўся і не збіраецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя