Што чакае даляр?



Экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч спрагназаваў, што далей будзе з далярам.

Сёння на таргах БВФБ даляр ЗША вырас на 143 рублі да 19.823 беларускіх і, такім чынам, поўнасцю адыграў учарашняе зніжэнне, якое склала 127 рублёў.

Еўра вырас на 36 рублёў да 22.424, расейскі рубель апусціўся на 1,77 да 306,50.

Станіслаў Багданкевіч: Беларуская эканоміка – у заняпадзе. Імпарт падае, узровень жыцця людзей зніжаецца. Прадпрыемствы і грамадзяне жывуць за кошт тых зберажэнняў, што былі зроблены раней. У сваёй большасці грошы народ захоўвае ў далярах. Вось людзі зараз, каб неяк жыць, і дастаюць з закуткоў свае зберажэнні. Усё гэта, безумоўна, уплывае на ваганні даляра. Як ужо казаў, імпарт зніжаецца, попыт на валюту ўпаў.

РР: Ці працягне расці даляр?

Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, што так. Гэта звязана з тым, што рублёвая грашовая маса будзе павялічвацца для ажыўлення эканомікі. Думаю, Нацбанк будзе вымушаны рабіць грашовую эмісію. І гэта адназначна прывядзе да ўмацавання даляра, бо атрымаецца дысбаланс паміж колькасцю надрукаваных грошай і валютай, якая не паступае з-за падзення экспарту. Але дэвальвацыйныя працэсы будуць маруднымі.

РР: У якіх межах можна чакаць курс даляра да канца года?

Станіслаў Багданкевіч: Цяжка зараз сказаць. Калі Нацбанк не будзе прытрымлівацца жорсткай манетарнай палітыкі (хаця пэўныя перакосы ёсць і зараз), то беларускі рубель можа знізіцца. Усё будзе залежыць ад таго, ці будуць друкаваць грошы. І будзе залежыць ад таго, ці не будуць умешвацца ў палітыку Нацбанка ўлады, якія могуць некаторымі сваімі дырэктывамі справакаваць дэвальвацыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя