Лідар ІП з Полацка: Прадпрымальнікі могуць ізноў забаставаць



„Калі з 1 ліпеня пойдуць праверкі і канфіскацыі, „іпэшнікі” могуць ізноў забаставаць”, — кажа полацкая прадпрымальніца Вольга Шарстабітава.

polack_ip

Вольга Шарстабітава: Для ўсіх „іпэшнікаў” чэрвень – напружаны месяц, таму што ніхто не ведае, што будзе пасля 1 ліпеня. Здаецца, да гэтага часу ўвялі мараторый на праверкі сертыфікатаў, але ніхто не можа дакладна сказаць, ці пачнуцца ў ліпені масавыя праверкі.

РР: Калі будзе менавіта такі сцэнар развіцця падзеі…

Вольга Шарстабітава: Хутчэй за ўсё, рэакцыя будзе такая ж, як і раней – у студзені-лютым, калі многія спынілі працу і нават выйшлі на пратэсты. Людзі будуць закрывацца, каб не канфіскавалі тавар. Многія зараз са страхам чакаюць новых рэпрэсій падаткавікоў, але, паўтаруся, ніхто дакладна не ведае, як будуць развівацца падзеі. Адно можна сказаць дакладна – з праверкамі і канфіскацыямі народ працаваць не будзе. А ў дакументах, якія даюць на тавар у Расеі, на сто адсоткаў ніхто не ўпэўнены. Таму практычна для кожнага ёсць рызыка патрапіць пад санкцыі. А гэта – штрафы, страты грошай. Прадпрымальнікі і так зараз ледзь выжываюць, хто будзе рызыкаваць?

РР: У Беларусі планавалася стварыць аптовыя базы, на якіх разам з таварам „іпэшнікі” атрымлівалі б увесь пакет неабходных дакументаў. Што чуваць у гэтым кірунку?

Вольга Шарстабітава: Я сама там нічога не купляла, але знаёмыя , якія бралі тавар у Беларусі, скардзіліся, што гэта – неканкурэнтаздольная прадукцыя, і цэны вельмі высокія за дакументы. Таму набыць там нешта можна, а вось прадаць – вялікая праблема.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя