Што чуваць на прадпрыемствах?



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук патлумачыў, чаму «сітуацыя на прадпрыемствах ужо не будзе ранейшай».

Аляксандр Ярашук: Прэм’ер-міністр Беларусі днямі заявіў, што са страйкамі на заводах скончана, і ў гэтай справе, маўляў, пастаўлена кропка.

Уладам і насамрэч хацелася б лічыць, што ўсе праблемы ў беларусаў (у тым ліку, і ў працоўных) зніклі. На самай справе сітуацыя крыху іншая. Класічных страйкаў не было і не магло адбыцца, бо нашы працоўныя да гэтага не гатовы. Але беларускае грамадства ўскалыхнулася, і гэта, безумоўна, зачапіла тыя ж прадпрыемствы і тых, хто там працуе.

Фальсіфікацыі падчас выбараў, крывавы тэрор, які зладзілі сілавікі ў дачыненні да мірных грамадзян, закрануў рабочых і іх сем’і. Таму пратэставы патэнцыял на прадпрыемствах нікуды не знік. Ён захаваўся і ніякай размовы аб вяртанні да нармальнага працоўнага працэсу ўжо не будзе, таму што значная частка працоўных перайшлі на «італьянскія страйкі», калі чалавек як быццам і працуе, але не працуе.

РР: А якія настроі ў адміністрацыі прадпрыемстваў?

Аляксандр Ярашук: Некаторыя інжынерна-тэхнічныя работнікі і апарат кіравання нават больш радыкалізаваныя, чым самі працоўныя. І з гэтым давядзецца жыць да таго часу, пакуль не будзе вырашана пытанне трансфармацыі ўлады.

Таму я ўпэўнены, што на маршы працоўныя прыходзілі і будуць прыходзіць, нягледзячы на тое, што многія сябры страйкамаў апынуліся за кратамі. Але працэсы ладзяцца і без лідараў. І ўсе спробы ізаляваць кагосьці не дадуць выніку. Людзі паспяхова асвойваюць партызанскія метады барацьбы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя