Што губляе Беларусь ад дэвальвацыі расейскага рубля?



Беларускі прэм’ер Міхаіл Мясніковіч мяркуе, што Беларусі і Расеі неабходна працаваць над аб’яднаннем нацыянальных плацежных сістэм. Пра тое, чаму беларускаму боку зараз больш любы расейскі рубель, распавядае эканаміст Барыс Жаліба.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

«Мяркуем, што трэба павялічваць у разліках ва ўзаемным гандлі ўдзельную вагу расейскага рубля, – заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Менску. – Мы за тое, каб працаваць не толькі над стварэннем нацыянальных плацежных сістэм, але і над аб’яднаннем нацыянальных плацежных сістэм».

На самім пасяджэнні саюзнага Саўміна кіраўнік беларускага ўрада заявіў: «Грошы – рэч далікатная, гэта базавы элемент суверэнітэту. Але ў наяўнай сітуацыі нам для пашырэння нашага сумеснага гандлю трэба шырэй выкарыстоўваць расейскі рубель. Гэта аб’ектыўная рэальнасць».

Барыс Жаліба: Расейскі рубель і зараз выкарыстоўваецца ва ўзаемаразліках з беларускімі прадаўцамі, але, напрыклад, аплата за газ ці нафту (а магчыма, і па іншых гандлёвых пазіцыях) традыцыйна вядзецца ў трэцяй валюце – за даляры. І жаданне ў апошні час сысці ад даляра звязаны з эканамічнымі санкцыямі, якія Захад прымяніў супраць Расеі. Калі раней даляры і еўра былі ў дэфіцыце ў Беларусі, то сёння з-за абмежаванняў валюта ўжо ў дэфіцыце ў Расеі. Толькі за тыдзень Цэнтрабанк Расеі на падтрымку курса свайго рубля, які абвальна дэвальвуецца, накіраваў 4 мільярды даляраў! Уяўляеце маштабы стратаў! У Беларусі залатавалютных рэзерваў у запасе ўсяго 6 мільярдаў. Таму і абвастрылася жаданне абодвух бакоў знайсці гандлёвыя вобласці, дзе можна было б шырэй выкарыстоўваць расейскі рубель.

РР: Што губляе Беларусь ад дэвальвацыі расейскага рубля?

Барыс Жаліба: Вельмі шмат губляе. Хуткасць дэвальвацыі расейскага рубля роўна ў два разы вышэйшая, чым беларуская. У Расеі рубель з пачатку года дэвальваваўся на 24 працэнты, наш – на 12. Таму беларускі экспарт у Расеі даражэе, а іх у Беларусі – таннее. Вось і пачалі гучаць заявы з вуснаў беларускіх чыноўнікаў, што пасля санкцый мы значна павялічылі экспарт у Расею ў натуральным выражэнні, а ў коштавым – прайгралі. І гэты пройгрыш звёў на “не” павелічэнне натуральных аб’ёмаў. Таксама мы прайграем і па прамысловай прадукцыі: беларускія МАЗы і трактары становяцца яшчэ менш канкурэнтнымі на расейскім рынку. На прадпрыемствах няма работы, некаторыя пераходзяць на трохдзённы графік працы. Таму санкцыі супраць Расеі добра даўбанулі і беларускую эканоміку, якая найбольш звязана з расейскай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара