Што можна ўвезці ў Беларусь без падатку?
Дарыюш Данілюк, эксперт Радыё Рацыя ў пытаннях памежнага супрацоўніцтва, атрымлівае таксама шэраг пытанняў ад асобаў, зацікаўленых у выездзе ў Беларусь. Пытання часцей за ўсе датычаць таго, што можна ўвозіць у Беларусь без падатку.
Знаёмства з наступнымі правіламі дапаможа пазбегнуць праблемаў на беларускіх памежных пунктах пропуску.
Колькі грошай трэба ўзяць з сабою?
Сума наяўных і (або) дарожных чэкаў, якія можна з сабою ўзяць, не абмежаваная. Аднак у выпадку ўвозу ў Беларусь сумы, большай за 10 тысячаў даляраў, грошы трэба задэклараваць.
У гэтай сітуацыі трэба таксама задэклараваць іншыя грашовыя інструменты, такія як: – векселі,
– банкаўскія чэкі,
– каштоўныя паперы ў выглядзе дакументаў, якія з’яўляюцца доказам абавязання пазычальніка адносна выплатаў, у якіх не пазначаная асоба-адбіральнік сумы грошай.
Колькасць асабістых рэчаў, вызваленых ад мытных аплатаў:
Не трэба плаціць падатак, калі агульная вага асабістых рэчаў у багажы не перавышае 50 кг, а іх агульны кошт не большы, чым 1500 еўра.
Гэтае правіла датычыць таксама алкагольных напояў, піва і тытунёвых вырабаў. Пры гэтым алкаголю не можа быць больш, чым 3 літры, цыгарэтаў – 200 штук (або 50 цыгараў), і не больш за 250 грамаў тытуню. Асобы, якія не маюць 18 гадоў, не маюць права ўвозіць алкаголь і тытунёвыя вырабы.
У выпадку, калі норма 50 кг была перавышана, за кожны кілаграм вышэй нормы трэба заплаціць 30% (не менш 4 еўра за 1 кг) мытнага кошту тавараў, якія перавозяцца ў большай колькасці, чым дазваляе норма.
У выпадку, калі была перавышана норма алкаголю, абавязвае стаўка – 10 еўра за 1 літр, аднак перавоз болей, чым 5 літраў праз памежны пункт пропуску – не дазволены.
Аднак ёсць і ўжываныя асабістыя рэчы, на якія не распаўсюджваюцца нормы ў 50 кг і 1500 еўра.
Так, без неабходнасці аплаты падатку можна правезці наступныя рэчы (у колькасці, неабходнай для ужывання на перыяд часовага месцазнаходжання):
біжутэрыя, прадметы асабістай гігіены, перанасныя музычныя інструменты, дзіцячыя каляскі, дзіцячыя аўтамабільныя сядзенні ды інвалідныя вазкі, спартовае, турыстычнае і паляўнічае абсталяванне, партатыўныя дыялізатары, аналагічныя медычныя інструменты і неабходныя для іх дадаткі.
Абавязак аплаты падатку не датычыць відэакамераў, фотаапаратаў, перанасных відэапраектараў, праектараў слайдаў, партатыўных інструментаў для запісу або праслухоўвання гуку (у тым ліку дыктафонаў), плэераў DVD, партатыўных радыёпрымачоў, флэшак, тэлевізараў (дыяметрам не больш за 42 см), партатыўных персанальных кампутараў у колькасці 1 штукі кожнага прадмета.
Выняткам з’яўляюцца мабільныя тэлефоны, якія можна ўвозіць у колькасці 2 штук. Аксэсуары для тэхнічнага абсталявання, у колькасці, неабходнай для ўжывання ў час падарожжа.
Мытнікі правераць адпаведнасць багажу агульным патрабаванням.
Пра што трэба памятаць у час падарожжа аўтамабілем
Іншаземцы маюць права ўвозіць у Беларусь аўтамабіль або матацыкл без выканання абавязку аплаты падатку на перыяд не большы за 1 год. Пры гэтым пачатковы перыяд складае 3 месяцы, пасля чаго трэба звярнуцца ў мытныя службы, каб прадоўжыць адпаведны дазвол.
Аўтамабілі, часова ўвезеныя на мытную тэрыторыю (у якую, акрамя Беларусі, уваходзяць Расейская Федэрацыя і Казахстан), могуць ужывацца толькі асобамі, якія іх увезлі. Пасля году знаходжання аўтамабіль трэба вывезці з тэрыторыі Мытнага саюзу, або прадаць, падарыць і г.д. І выканаць абавязковыя пры гэтым аплаты.
Пры ўездзе ў Беларусь мытныя службы не патрабуюць аплаты за паліва, якое знаходзіцца ў баку аўтамабіля/матацыкла, тое самае датычыць дадатковых 10 літраў паліва ў асобнай ёмістасці.
Чаго нельга ўвозіць?
Наркатычныя, псіхатропныя сродкі, а таксама іх складнікі, увозяцца ў Беларусь толькі ў форме лекавых сродках для асабістага карыстання згодна з медычнымі паказаннямі ў абмежаваных колькасцях. Неабходнасць іх ужывання павінна падцвярджацца адпаведнымі дакументамі.
Да спісу прадметаў, забароненых для ўвозу на тэрыторыю Беларусі, адносяцца друкаваныя і аўдыёвізуальныя матэрыялы, якія змяшчаюць:
– заклік да экстрэмісцкай або тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама публічнае апраўданне тэрарызму;
– парнаграфію;
– агітацыйныя матэрыялы, якія датычаць выбараў і рэферэндумаў, складзеныя з парушэннем дзейнага заканадаўства краінаў Мытнага саюзу;
– матэрыялы, якія прапагандуюць фашызм, яго сімвалы і падобнае.
Беларускае Радыё Рацыя