Што паказвае індэкс “чарка-шкварка”?
Па пакупніцкай здольнасці па індэксе “чарка-шкварка” на апошніх месцах – Беларусь і Украіна. Самыя заможныя – палякі.
Эксперты даследчага цэнтра “BIPART” і праекта “Кошт урада” правялі чарговае даследаванне па індэксе “чарка-шкварка”.
Нагадаем, гэты індэкс складаецца з кошту 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі і разлічваецца штоквартальна на падставе звестак Белстата.
Спецыялісты адзначаюць, што з пачатку гэтага года “чарка-шкварка” патаннелі. Калі ў першым квартале гэты харчова-алкагольны набор каштаваў у сярэднім 22.226 рублёў, то да трэцяга квартала кошт знізіўся да 21.148 рублёў (зніжэнне на 3,5 адсоткаў). Гарэлка з пачатку года крыху падаражэла, але значна патаннела свініна.
Нягледзячы на зніжэнне заробкаў беларусаў у апошнія месяцы, іх пакупніцкая здольнасць, якая вызначаецца па індэксе “чарка-шкварка”, расце. У першым квартале сярэднестатыстычны беларус мог дазволіць сабе 280 “чарак-шкварак” у месяц, а да трэцяга кварталу лічба вырасла да 324 – на 4,4 кг свініны і 4,4 літры гарэлкі больш.
Эксперты дадаюць, што па пакупальніцкай здольнасці ў параўнанні з суседнімі краінамі мы па-ранейшаму ў аўтсайдарах. Горш справы хіба што ва Украіне, якую ўжо амаль два гады скаланае глыбокі эканамічны крызіс. Украінцы за свой сярэдні заробак могуць набыць усяго 221 “чарак-шкварак”.
У гэтым плане самымі заможнымі суседзямі з’яўляюцца палякі: іх прыбыткі дазваляюць купіць 633 чаркі і шкваркі кожны месяц – амаль у 2 разы больш, чым у Беларусі.
Дарэчы, у Беларусі кошты чаркі і шкваркі пачалі расці, і, хутчэй за ўсё, гэты працэс працягнецца. Скарачэнне сярэдніх заробкаў не дадае пазітыву. Акрамя таго, трэба ўспомніць, што інфляцыя з пачатку года ў Беларусі ўжо склала 9,2%, а да канца года, магчыма, будзе не менш за 12, а то 15 адсоткаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sn-plus.com