Што прапануюць прадпрымальнікі?



Гомельская ІП-эшніца Святлана Калачова распавяла, на якіх умовах маглі б працаваць прадстаўнікі малога бізнеса.

11 лютага ў Менску распачаўся другі раунд перамоваў у працоўнай групе пры Грамадска-кансультатыўнай радзе па развіцці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі па ўрэгуляванні канфлікту паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі і ўладамі, які ўзнік у выніку прэзідэнцкага ўказу нумар 222, што ад 1 студзеня 2016 году забараняе гандляваць таварамі без сертыфікацыі прадукцыі.

Святлана Калачова: Пакуль, наколькі вядома, прыйшлі да таго, што сертыфікаты быццам бы не трэба пацвярджаць пячаткамі, а можна браць іх з Адзінай сістэмы рэестра. А мы пра гэта заўсёды і казалі. У Расеі гэта ёсць, а чаму ў Беларусі так не можам працаваць? Напрыклад, мае піжамы сертыфікаваны ў Ніжневартаўску. Там кажуць, што могуць даць усе неабходныя дакументы. Але чаму я павінна ехаць за дзесяццю піжамамі аж у Ніжневартаўск? Таму пытанне неабходна вырашаць.

РР: Што зараз на павестцы дня?

Святлана Калачова: ІП просяць, каб не было пытанняў па ўязных дакументах. Калі мы ўжо заплацілі ўязны падатак на дабаўленую вартасць, то маглі б свабодна тавар прадаваць. Акрамя таго, ёсць пытанні па афармленні таварна-транспартных накладных. Тут шмат розных дробязей, якія могуць стаць вялікай праблемай.

РР: Наколькі вядома, “Перспектыва” выступае за ўвядзенне патэнтнай сістэмы…

Святлана Калачова: Так. Трэба разумець, што мы прадстаўнікі нават не малога, а мікрабізнеса, а таму стараемся давесці да ўрада, што ў нашай сітуацыі нельга, як кажуць, змяшаць мяса і капусту, каб атрымаўся галубец. Прадпрымальнік здолее на роўных канкураваць з алігархам, у якога гандлёвыя цэнтры па ўсё краіне? Не. Таму і просім распрацаваць для нас патэнтную сістэму. Праўда, да гэтага часу невядома, на якія саступкі зможа пайсці ўлада.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя