Што прынясе ўказ Лукашэнкі Аршанскаму рэгіёну?



Указ Аляксандра Лукашэнкі №506 адносна эканамічных ільготаў Аршанскаму раёну падвергнуўся крытыцы многіх эканамістаў.

Але незалежны журналіст з Воршы Ігар Казмярчак бачыць карысць для свайго рэгіёну:

– Хаця на рэспубліканскім узроўні яго вельмі шмат крытыкавалі, гаварылі, што такія выключэнні, калі закон прымаецца для аднаго рэгіёна, мала што прыносіць і г. д. Я скажу, што ўсё ж такі нейкія зрухі ёсць. У Воршы працуе ў тым ліку праграма ААН, напэўна не ў малой ступені дзякуючы падтрымцы дзяржавы, што яны накіравалі не столькі на Воршу, колькі на Барань. Гэты праект у Воршы ўжо працуе, па бізнес-інкубатары даволі актыўна працуе.

Канчаткова эфектыўнасць і бессэнсоўнасць указу давядзе толькі час. Журналіст спадзяецца, што эканамічная сітуацыя і клімат для прадпрымальнікаў выйдуць на новы ўзровень:

– Само змяншэнне падатку не надта паўплывае на жыццё прадпрымальнікаў, але з’яўленне гэтага закону трохі ўзбударажыла прадпрымальніцкую ініцыятыву. Я ведаю некалькі чалавек, якія альбо ўжо зарэгістраваліся ІП, альбо аднавілі дзейнасць, альбо плануюць, разглядаюць магчымасць рэгістрацыі ІП. Што з гэтага будзе, бо малы бізнес гэта ўсё ж такі малая кропля ў нашай эканоміцы, у асноўным дзяржаўнай, пакажа час толькі. Надзея ёсць, залежыць як гэта будзе рэалізавана, у мяне пакуль аптымістычны погляд на сітуацыю.

Таксама сурʼёзным чыннікам у выпраўленні эканамічнай сітуацыі на Аршаншчыне стала адкрыццё лагістычнага цэнтру ў Балбасаве. Калі ўсё гэта будзе працаваць згодна з планам, тады сапраўды можна будзе дамагчыся добрых эканамічных паказчыкаў, падагульніў Ігар Казмярчак.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша