Што прынясе зніжэнне стаўкі рэфінансавання?
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавядае, ці можна чакаць услед за зніжэннем стаўкі рэфінсавання ажыўлення дзелавой актыўнасці ў Беларусі.
Нагадаем, што стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 15 сакавіка зніжаецца з 16 працэнтаў да 15 працэнтаў гадавых.
Стаўка зніжана трэці раз з пачатку года. Так, з 18 студзеня яна знізілася з 18 працэнтаў да 17 працэнтаў гадавых, а з 15 лютага – з 17 працэнтаў да 16 працэнтаў гадавых.
Вадзім Іосуб: Асабіста я не чакаю ажыўлення дзелавой актыўнасці па дзвух прычынах. Па-першае, зніжэнне намінальнай стаўкі рэфінсавання (і ўслед – памяншэнне ставак па крэдытах) адбываецца на фоне чакаемага Нацыянальным банкам зніжэння інфляцыі. Таму рэальная адсоткавая стаўка па сутнасці не змяняецца. І яшчэ адзін важны фактар. Праблема крэдытнага рынка нават не ў тым, што адсоткавыя стаўкі былі высокія, а ў тым, што банкі не бачаць эфектыўных заемшчыкаў і эфектыўных кампаній з добрымі бізнес-планамі. Таму тут справа, напэўна, не ў памеры стаўкі, а ў дастаткова складанай сітуацыі ў эканоміцы. За кошт зніжэння стаўкі рэфінансавання кардынальна гэтую сітуацыю не змяніць.
РР: У гэтым годзе стаўку рэфінансавання могуць яшчэ панізіць?
Вадзім Іосуб: На гэты год Нацыянальны банк аб’яўляў калідор для стаўкі рэфінансавання ў межах 14-16 адсоткаў. Калі і надалей інфляцыя будзе зніжацца, захаваецца стабільная сітуацыя на валютным рынку, а насельніцтва працягне несці ў банкі грошы на рублёвыя дэпазіты, то стаўка, безумоўна, можа зніжацца і далей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя