Што Расея запатрабуе ад Беларусі за крэдыт?
“Беларусы ўжо прызвычаіліся жыць у доўг”, – кажа палітолаг Андрэй Суздальцаў.
Беларусь просіць у Расіі крэдыт на 3 млрд. долараў, паведаміў журналістам міністр фінансаў РФ Антон Сілуянаў 9 ліпеня ва Уфе, дзе праходзяць саміты краін БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).
Просьба Беларусі будзе разгледжана з улікам выканання ўмоў праграм па папярэдніх крэдытах, дадаў Сілуянаў.
Мяркуючы па апошніх заявах расейскіх чыноўнікаў, за крэдытам справа не стане.
Андрэй Суздальцаў: Як і раней, ад беларускага боку ў першую чаргу будуць патрабаваць структурных эканамічных рэформаў, бо Беларусь выконвала не ўсё тое, што ад яе хацелі. Мы ж бачым, у якім мёртвым стане зараз беларуская эканоміка, ніякіх асаблівых рэформаў не адбываецца. А ў палітычным плане, на мой погляд, Масква будзе пралангіраваць тэму, звязаную з ваенна-палітычным блокам. Але крэдыт дадуць – мяркую, што напрыканцы верасня-пачатку кастрычніка.
РР: Адным словам, Масква будзе працягваць фінансаваць беларускую ўладу?
Андрэй Суздальцаў: Гэта памылковы трэнд, бо Расея фінансуе не ўладу, а неэфектыўную беларускую эканоміку. На гэтыя грошы жыве беларускі народ. У такім выпадку можна сказаць, што і Міжнародны валютны фонд таксама падтрымлівае грашыма беларускую ўладу – крэдыт жа давалі. Расея дапамагала Беларусі фінансава і да Лукашэнкі, і пры ім. Беларуская апазіцыя нярэдка кажа: “Нам бы лепш аддалі гэтыя грошы”. А хто вы такія? Калі вам не падабаецца, як улада траціць расейскія грошы, дык забярыце іх ва ўлады. А Крэмль вырашае свае праблемы ў Беларусі.
РР: Гэта нармальная сітуацыя, калі краіна пастаянна жыве ў крэдыт?
Андрэй Суздальцаў: Я скажу так – гэта выбар беларускага народа. Думаеце, людзі хочуць балючых рэформаў? Не, яны хочуць і надалей жыць у крэдыт. І на выбарах галасуюць за гэта. Эканамісты разумеюць, што гэта памылковы фармат, але ж іншага няма. У эканоміцы практычна нічога не робіцца. Так і будзе краіна жыць у доўг, які пастаянна стане павялічвацца. А пасля не выключаю скандал – маўляў, спішыце нам даўгі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота specletter.com