Што ўбачаць людзі на рынках праз тыдзень?
Менскі прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук прагназуе, што будзе на рынках краіны пасля 1 студзеня.
Нагадаем, з 1 студзеня 2016 году ІП-эшнікі павінны мець суправаджальныя дакументы на тавары замежнай вытворчасці, набытыя ў тым ліку і на тэрыторыі Мытнага саюза, у які ўваходзіць Беларусь.
Вячаслаў Піліпук: Я памятаю, як хацелі ўвесці гэтую сертыфікацыю з 1 сакавіка гэтага году. Тады ўжо 28 лютага прадпрымальнікі па ўсёй краіне пачалі пакідаць свае працоўныя месцы. Закрывалі шапікі, забіралі тавар… І асабліва мясцовыя ўлады ў рэгіёнах у асобах кіраўнікоў райвыканкамаў, падаткавікоў і міліцэйскага начальства пачалі ўпрошваць ІП-эшнікаў, каб тыя заставаліся на сваіх месцах. Маўляў, ніхто вас чапаць з 1 сакавіка не будзе. Яны самі напалохаліся сваіх жа рашэнняў, якія прынялі. Такія ж настроі ў людзей і зараз, бо прадпрымальнікі проста не могуць выканаць тое, што ад іх патрабуе заканадаўства. Але ўлада не зварочвае са свайго шляху і не дае ніякай палёгкі прадстаўнікам малога бізнесу.
РР: Прадпрымальнікі сёння непатрэбныя ўладам?
Вячаслаў Піліпук: Мы бачым, што пра людзей у гэтай сітуацыі мала хто думае. А чыноўнікам, здараецца, у галаву прыходзяць такія неверагодныя ідэі, што дзіву даешся. Напрыклад, захаваць беларускі “легпрам”, які ўжо даўно ляжыць і неканкурэнтаздольны. Пытанне: ці патрэбны такі альбо лепш яго пераўтварыць у прыватнае прадпрыемства? Таму розныя ідэі лезуць у галаву чыноўнікам, розныя рашэнні прымаюцца, але яны не ў стане прадумаць наступствы. Таму пабачым, што будуць рабіць у раёнах кіраўнікі са сваім бюджэтам, калі прадпрымальнікі не выйдуць на працу. Бо ў рэгіёнах менавіта ІП-эшнікі ў значнай ступені папаўняюць мясцовыя бюджэты. Таму, мяркую, пасля Новага году рынкі будуць паўпустыя ці наогул пустыя. Па звестках уласнікаў гандлёвых цэнтраў, каля 60 адсоткаў прадпрымальнікаў па ўсёй краіне ўжо напісалі заявы пра тое, што яны пакідаюць гандлёвыя плошчы.
РР: На якіх умовах хацелі б працаваць прадпрымальнікі?
Вячаслаў Піліпук: Першае – трэба ўвесці мараторый на указ, які прадугледжвае з 1 студзеня сертыфікацыю. Другое – стварыць працоўную групу, у якую ўвойдуць не толькі дзяржаўныя чыноўнікі, але і самі ІП-эшнікі. За агульным сталом і можна выпрацаваць жыццяздольныя правілы і законы, па якіх могуць працаваць 120 тысяч прадпрымальнікаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя