Што выратуе беларускую эканоміку?



Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавёў пра заняпад беларускай эканомікі і магчымыя шляхі выйсця.

Днямі Лукашэнка звярнуў увагу, што «няма галоўнага — росту эканомікі, нават таго, які мы запланавалі».

«Складваецца ўражанне, што ў разрэз з прынятай праграмай на пяцігодку ўрад рэалізуе інерцыйны сцэнар развіцця», — дадаў ён.

Віктар Маргелаў: Днямі на пасяджэнні па развіцці прадпрымальніцтва мы абмяркоўвалі шляхі выхаду беларускай эканомікі з крызіса. Як мне падаецца, найперш трэба вырашаць праблему спажывецкага попыту, але пры ўмове, каб не падвышаць імпарту. Адным словам, трэба развіваць вытворчасць і попыт з нізкім імпартным складнікам. І вось тут наш патэнцыял неабмежаваны. Напрыклад, нам жа ніхто не забараняе вырабляць драўляныя дамы. Праблема жылля захоўваецца, таму попыт на такія дамы будзе. Альбо тое ж смецце можам «разабраць» і не купляць шкляных бутэлек за мяжой. Адзінае, што патрэбны комплекс узаемазвязаных мераў.  

РР: Што вы маеце на ўвазе?

Віктар Маргелаў: У першую чаргу пытанне тычыцца крэдытна-фінансавай сферы. Так, сёння адсоткі па крэдытах крыху знізіліся, апусціліся да 23 адсоткаў. Але гэта ўсё роўна неверагодная цана для інвестыцыйнай дзейнасці! Патрэбна таксама вырашаць пытанне каардынацыі дзейнасці дзелавой супольнасці, каб мы маглі розныя праекты і праграмы рэалізоўваць. Таму што, як правіла, яны тычацца не аднаго прадпрыемства, а цэлай галіны альбо нейкай ідэі.У любым выпадку выхад для эканомікі – у развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Але для гэтага яму трэба даць магчымасць развівацца ў нейкіх сваіх кірунках.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя