Што з пастаўкамі “Беларуськалія” на экспарт?



Кампаніі Nutrien і Mosaic, асноўныя паўночнаамерыканскія канкурэнты “Беларуськалія”, апублікавалі квартальныя справаздачы. У іх утрымліваецца ацэнка паставак калійных угнаенняў з Беларусі ў гэтым годзе, піша Reform.by. Так, Mosaic прагназуе, што адгрузкі беларускіх калійных угнаенняў сёлета будуць на 5—6 млн тон меншыя, чым у дасанкцыйны перыяд. Nutrien ацэньвае зніжэнне беларускіх паставак у 4—5 млн тон у параўнанні з 2021 годам.

У сярэдзіне ліпеня першы віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Мікалай Снапкоў заяўляў, што Беларусь сёлета мае намер прадаць 8 млн тон калійных угнаенняў. З пачатку года ўдалося экспартаваць праз тэрміналы Санкт-Пецярбурга 2,7 млн тон. Звычайна ж Беларусь экспартавала 10—12 млн тон калійных угнаенняў.

Грузія забараніла рээкспарт аўтамабіляў у Беларусь і Расею

Экспарт і рээкспарт аўтамабіляў, увезеных са Злучаных Штатаў у Грузію, з першага жніўня забароны як у Расею, так і ў Беларусь, піша Office Life. Акрамя таго, з 26 верасня абмяжуюць таксама экспарт і рээкспарт аўтамабіляў, увезеных з Еўразвязу. Мера датычыць Беларусі і Расеі. Змены ўвялі на фоне санкцый, накладзеных на гэтыя дзве краіны.

Пры гэтым адзначаецца, што легкавыя аўтамабілі лічацца трэцім па велічыні экспартным таварам Грузіі ў Расею. За паўгода адпраўлена 3786 машын на 53 мільёны даляраў. За год экспарт вырас на 274%.

Чарніц у лесе вельмі мала. Упала і закупачная цана на іх

З пачатку лета арганізацыі спажывецкай кааперацыі нарыхтавалі 177 тон чарніц. Для параўнання: за летні сезон 2022 года Белкаапсаюз набыў 1 300 тон чарніц у насельніцтва. Змянілася і закупачная цана: калі ў папярэднім годзе яна была каля 5 рублёў, то ў гэтым — ад 1,5 да 4 рублёў, пішуць “Мінск-Навіны”.

Паспяванню ягад не спрыялі ўмовы надвор’я. Ёсць і яшчэ адзін стрымліваючы фактар. Раней усе ягады, што закупляліся на тэрыторыі Гомельскай вобласці і ў іншых экалагічна бяспечных раёнах, экспартаваліся. Але эканамічныя санкцыі, накладзеныя Еўразвязам, зрабілі ягады менш запатрабаванымі. Да таго ж, у пачатку бягучага года ўведзена мытная пошліна памерам 12% на ўвоз беларускіх чарніц у краіны ЕЗ.

У якія расейскія гарады беларусы найчасцей едуць цягнікамі?

З пачатку года Беларуская чыгунка перавезла паміж Беларуссю і Расеяй больш за 1,5 мільёны пасажыраў. Такую лічбу назвалі ў прэсавай службе арганізацыі. Гэта на шэсць працэнтаў больш, чым за аналагічны леташні перыяд, заўважае Office Life.

Самыя папулярныя чыгуначныя напрамкі – Масква і Санкт-Пецярбург. На долю перавозак паміж Беларуссю і гэтымі двума гарадамі Расеі прыпадае амаль 87% міжнародных зносін. З пачатку года па гэтых напрамках перавезлі амаль 1,2 млн. пасажыраў.

У БЧ удакладнілі, што з беларускіх гарадоў курсуюць цягнікі ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Адлер, Калінінград, Мурманск, Архангельск, Анапу і Самару. Штотыдзень паміж Беларуссю і Расеяй прадугледжана каля 150 цягнікоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Scanpix.