Што зараз адбываецца на  «Гродна Азоце»? 



Некалькі дзясяткаў работнікаў звольнілі, на працу ўзялі стажораў і штрэйкбрэхераў, падвысілі заробкі тым, хто застаўся. Што адбываецца на хімічным гіганце праз месяц пасля народнага ўльтыматуму?

Усяго да страйку  далучыліся 34 азотаўцы, каля 30 чалавек звольнілі, некаторых потым аднавілі на працы, паведамляе ў сваім тэлеграм-канале радыё ” Свабода”.  Таксама на працу ўзялі стажыстаў і штрэйкбрэхераў, але людзей па-ранейшаму не хапае, шмат на бальнічных, у тым ліку з каронавірусам.

Да «Азоту» даехалі каля 30 штрэйкбрэхераў з Гомельскага хімічнага заводу і «Нафтану». Яны знаходзяцца ў важных цэхах, аднак іх «не пускаюць далей за мятлу», яны чытаюць інструкцыі і дакументы. Іх не дапускаюць да самых адказных работ, у тым ліку да цэнтральнай панэлі кіравання. Мала хто са сталых работнікаў хоча іх вучыць.

Наяўнасць штрэйкбрэхераў, на думку азотаўцаў, не ратуе вытворчасць, але стварае ўражанне, нібыта на заводзе ўсё спакойна, няма недахопу кадраў. На «Азот» узялі таксама маладых стажораў, але стаўленне да іх такое ж, як да штрэйкбрэхераў.

«Усе разумеюць, на чыё месца яны прыйшлі», – тлумачыць былы супрацоўнік.