Што зробяць прадпрымальнікі з рэштай тавару пасля 1 студзеня?



Менскі прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук распавядае, што ІП-эшнікі збіраюцца зрабіць з астаткамі прадукцыі, якую пасля Новага года не змогуць ні прадаць, ні падарыць.

Як паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства па падатках і зборах Наталля Падгорная, з 1 студзеня 2016 года забаронены гандаль нават астаткамі тавараў, без адпаведных дакументаў.

За парушэнне забароны пагражае даволі вялікі штраф – ад 20 да 200 базавых велічынь (максімальнае пакаранне – 36 мільёнаў рублёў) і канфіскацыя прыбытку ад продажу. Таксама могуць канфіскаваць “інструменты і сродкі здзяйснення злачынства”.

РР: Ці паспеюць ІП-эшнікі распрадаць прадукцыю да 1 студзеня?

Вячаслаў Піліпук: Мы праводзім з гэтай нагоды маніторынг і бачым, што не ўсе паспеюць укласціся ў пазначаны тэрмін. Дарэчы, гэта добра вядома і дзяржаўным чыноўнікам па астатках прадукцыі “Беллегпрама”, якія таксама ляжаць на складах. Пакупальніцкая здольнасць насельніцтва вельмі нізкая.

РР: Што прадпрымальнікі будуць рабіць са сваёй нерэалізаванай прадукцыяй?

Вячаслаў Піліпук: Выкідваць яе на сметнік наўрад ці хто будзе, таму пакінуць сабе. Таксама ідуць размовы, што некаторыя паедуць распрадаваць астаткі ў Расею (а хтосьці ўжо паехаў). Многія пішуць зараз кіраўнікам гандлёвых цэнтраў заявы, што ў студзені працаваць не будуць у сувязі з новымі правіламі гандлю.

РР: А што за “інструменты і сродкі здзяйснення злачынства” могуць канфіскаваць у прадпрымальнікаў? На форумах жартуюць, што ў людзей пазабіраюць рукі…

 Вячаслаў Піліпук: Напэўна, размова ідзе пра аўтамабілі, на якіх ІП-эшнікі возяць тавар без накладных. Летась была такая ж сітуацыя, і людзі вывозілі тавар на машынах. Да канфіскацыі справа ў многіх выпадках не дайшла. Вось цяпер чыноўнікі, хутчэй за ўсё, і ўлічылі сітуацыю. Бо, на мой погляд, якая асноўная мэта новага дакумента? Папаўненне бюджэту за кошт штрафных санкцыяў.

РР: Да 1 студзеня засталося менш за месяц…

Вячаслаў Піліпук: Зараз многія прадпрымальнікі прадаюць астаткі проста па смешных цэнах. Здараецца, што яны нават ніжэйшыя, чым закупачныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя