Штрафы збанкруцілі полацкіх прадпрымальнікаў
Актывіст РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавядае, чаму пакеты дакументаў, якія даюць беларускім ІП-эшнікам у Маскве, не лічацца сапраўднымі ў Беларусі.
Вячаслаў Піліпук: Напэўна, многія ведаюць, якая сітуацыя склалася з прадпрымальнікамі на рынку ў Полацку. У шасцярых ІП-эшнікаў канфіскавалі тавар на значную суму са штрафнымі санкцыямі. Трое з іх ужо падалі на ліквідацыю, бо гэта – поўнае банкруцтва. І я распавяду, у чым там была сутнасць пытання. У прадпрымальнікаў, здаецца, былі ўсе суправаджальныя дакументы і сертыфікаты якасці. Па гэтых дакументах яны прывозілі тавар з канца 2014 году. Але, калі прыйшла праверка, то аказалася, што суправаджальныя дакументы, якія яны атрымлівалі на аптовых рынках у Маскве, аказаліся фальшывымі. Наша падатковая інспекцыя зрабіла запыт у Маскву і праверыла тыя расейскія фірмы. Аказалася, што яны наогул ніякіх адносін да гандлёва-закупачнай дзейнасці не маюць, а займаюцца… грузаперавозкамі. Пасля гэтага падаткавікі прызналі дакументы фальшыўкамі. Хоць па такіх дакументах працуюць многія прадпрымальнікі ў рэспубліцы. А полацкія прадпрымальнікі збіраюцца судзіцца. Бо, калі ім і даюць у Расеі на аптовых базах дакументы, то яны не прызнаюцца ў Беларусі. Сітуацыя проста патавая.
РР: Наколькі вядома, днямі ў вас была сустрэча з прадстаўнікамі Еўразійскай эканамічнай камісіі і Дэпартамента развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці. Вы агучылі гэтую праблему?
Вячаслаў Піліпук: Так, і расейцы абяцалі на месцы разабрацца ў сітуацыі. Дарэчы, вышэйназваны Дэпартамент распрацоўвае для суб’ектаў гаспадарання краін Мытнага саюза агульныя правілы работы. Наколькі вядома, Расея і Казахстан падпісалі правілы, а беларускі бок пакуль устрымаўся. У тых жа Казахстане і Расеі аб’яўлены рэжым лаяльнасці да малога і сярэдняга бізнесу, а гэта, відаць, не ўваходзіць у планы нашых чыноўнікаў, таму што бюджэт жа трэба папаўняць за кошт прадпрымальнікаў. Ідуць масавыя канфіскацыі тавараў, штрафы даюць, як правіла, па максімуму. І суды выносяць такія ж рашэнні. Адным словам, час ад часу не лягчэй.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя