Шумчанка: „Перспектыва” хацела б працягнуць працу ў межах прававога поля



РГА „Перспектыва” хацела б працягнуць працу ў рамках прававога поля, заявіў старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка, каментуючы інфармацыю аб магчымай ліквідацыі арганізацыі.

„Пакуль нас не ліквідавалі, адбудзецца суд, і мы ў ім будзем адстойваць магчымасць працягваць працу. Казаць пра далейшую працу пакуль рана”, — сказаў Шумчанка.

Як паведамлялася, Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд іск аб ліквідацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва”. Прадмет іску і сутнасць прэтэнзій пакуль не вядомыя, арганізацыя чакае афіцыйнага ліста.

„Гэта стала вядома з размоў з чыноўнікамі Мінюста, якія і паведамілі навіну. У гісторыі арганізацыі ўжо былі спробы ліквідацыі, аднак усё вырашалася ў пазітыўным ключы. На гэты раз сітуацыя дастатковая сур’ёзная, улічваючы ўсе абставіны падзей у краіне”, — адзначыў кіраўнік арганізацыі.

Ён запэўніў, што „Перспектыва” заўсёды гатова падаць органам улады ўсю вычарпальную інфармацыю аб сваёй дзейнасці „ў мэтах працягу легальнай працы ў інтарэсах малога бізнесу і дзяржавы ў цэлым”.

„Перспектыва” заклікае аб’ектыўна падысці да вывучэння дадзенага пытання і прыняць да ўвагі, што, зачыніўшы арганізацыю, самі ўлады пазбаўляюць сябе магчымасці эфектыўнай зваротнай сувязі з бізнесам і атрымання важных сігналаў пра яго праблемы, пры гэтым прэвентыўна вырашаючы іх на ранніх стадыях. Гэта надалей дазваляе пазбягаць больш сур’ёзных фактараў напружанасці ў адносінах з грамадствам, калі працэсы набываюць стыхійны і непрадказальны характар”, — лічыць Шумчанка.

Ён таксама нагадаў, што накладзены арышт на разліковыя рахункі „Перспектывы”, на якіх знаходзяцца 24 тысячы рублёў, сабраныя ў чэрвені самімі ІП з усёй краіны ў выглядзе ўзносаў і ахвяраванняў паводле статута арганізацыі. „Апавяшчэнняў ад самога СК „Перспектыва” не атрымлівала, і прычыны падобных рашэнняў нам невядомыя”, — паведаміў кіраўнік аб’яднання.

РГА „Перспектыва” абараняе правы ІП, якія працуюць у сферы гандлю, ужо 19 гадоў.

belapan.by