Шумчанка: Рэспубліканскі форум прадпрымальнікаў пройдзе 13 чэрвеня



Правядзенне рэспубліканскага форуму прадпрымальнікаў, які арганізуе РГА „Перспектыва”, запланавана на 13 чэрвеня, паведаміў БелаПАН старшыня аб’яднання Анатоль Шумчанка.

Анатоль Шумчанка

Пасля доўгіх пошукаў памяшкання форум вырашана праводзіць у Доме Масквы ў Менску. Пачатак мерапрыемства запланаваны на 12.00. Тэма форуму — „Прадпрымальнікі і ўлада: адкрыты дыялог па ўмацаванні і развіцці даверу”.

Першапачаткова форум планавалася правесці 30 мая ў актавай зале гасцініцы „Беларусь”, аднак з адміністрацыяй гатэля „Перспектыве” дамовіцца не ўдалося. „Мы звярнуліся з просьбай аб садзейнічанні ў Менгарвыканкам і ўдзячныя за дапамогу”, — паведаміў Шумчанка.

Паводле яго слоў, аб’яднанне таксама мае намер арганізаваць у найбліжэйшы час серыю рэгіянальных форумаў прадпрымальнікаў, у прыватнасці ў Магілёве і Гомелі.

У сярэдзіне красавіка „Перспектыве” некалькі разоў адмаўлялі ў арэндзе залаў для правядзення сустрэчы.

З пачатку года пачаў дзейнічаць указ прэзідэнта № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці, які паралізаваў працу часткі індывідуальных прадпрымальнікаў, што гандлююць легпрамам, паколькі згодна з дакументам ІП цяпер могуць гандляваць толькі той прадукцыяй легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза, на якую ў іх ёсць суправаджальныя дакументы. Аднак да канца сакавіка большасць прадпрымальнікаў аднавілі працу, нягледзячы на рызыку быць аштрафаванымі і пазбаўленымі тавару.