Скарачэнні на філіі машынабудаўнічага завода “Амкадор”



Пра масавае скарачэнне да канца году больш паўсотні чалавек – негалосна, днямі папярэдзілі работнікаў філіі менскага машынабудаўнічага завода “Амкадор”, што ў Крупках, на Меншчыне.

Дагэтуль прадпрыемства з’яўляецца самым буйным у раённым цэнтры, дзе да апошняга часу працавала да 300 чалавек.

З-за пагаршэння заробкаў ды ўмоў працы многія пачалі звальняцца самі. Як кажа адна з работніц – Тамара, яе ўжо папярэдзілі, што працоўны кантракт не будзе працягнуты:

– Прыйшоў ліст, што да Новага году трэба прыбраць 60 чалавек, чалавек 30 ужо звольніліся самі, бо трэба плаціць крэдыты і ўсё. У першую чаргу прыбраць хочуць тых, хто на пенсіі. Я на пенсіі прапрацавала паўтары гады, у мяне кантракт да 5-га лістапада. Працы няма. Прыходзім на працу і сядзім, і з кожным днём усё горш і горш. У мяне аклад два міліёны рублёў, у сярэднім людзі так і атрымлівалі на Амкадоры.

Нядаўна так і не атрымалася адкрыць філію „Амкадора“ ў Венесуэле. Акрамя таго, на той жа Крупшчыне ўжо зачыніліся хлеба-завод і філія Барысаўскага масла-сыр-завода у Халопенічах, а таксама плада-гароднінны камбінат у Крупскім.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя