СМІ: Арыштаваны адзін з найбуйнейшых бізнесоўцаў Віталь Арбузаў
Саўладальнік холдынга Fenox Global Group Віталь Арбузаў апынуўся ў поле зроку беларускіх праваахоўных органаў праз падазрэнне ў нявыплаце падаткаў. Гэтую інфармацыю tut.by пацвердзілі тры не звязаныя адна з адной крыніцы.
«Арбузава затрымалі ў сераду. Пра тое, што да яго былі пытанні ў праваахоўных органаў, было вядома яшчэ летась, калі ён нейкі час не з’яўляўся ў краіне, але потым, здаецца, усё вырашылася. Аказалася, не ўсё», — распавёў адзін суразмоўца.
«Справа ў дачыненні да Арбузава вядзе Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Артыкул 243 — ухіленне ад выплаты сум падаткаў», — паведаміла іншая крыніца.
Датэлефанавацца да Віталя Арбузава ўвечары ў сераду не ўдалося. У прэс-службе Камітэта дзяржкантролю не пацвердзілі, але і не зняпраўдзілі затрыманне Арбузава.
Арбузаў, №11 у топ-200 самых уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў паводле версіі «Ежедневника», з’яўляецца старшынём рады дырэктараў Fenox Global Group, старшынём рады дырэктараў Fenox Venture Capital. У холдынг Fenox уваходзяць, між іншым, Fenox Automative Сomponents (вытворчасць і распаўсюджванне аўтакампанентаў), Fenox Retail (сетка харчовых крамаў Preston), Fenox Construction (інвестыцыі ў нерухомасць).