СМІ: Мексіканскі ўладальнік A1 Telekom Austria Group хацеў прадаць бізнес у Беларусі



Мажарытарны акцыянер América Móvil (валодае 51% A1 Telekom Austria Group) галасаваў за спыненне бізнесу ў Беларусі. Аб гэтым паведамляе аўстрыйскае выданне Kurier са спасылкай на крыніцы ў дзелавых колах. Супраць выступілі прафсаюзы і прадстаўнікі працаўнікоў аўстрыйскай групы.

«Па дадзеных дзелавых колаў, мексіканскі мажарытарны ўладальнік кампаніі América Móvil, арыентаваны на атрыманне прыбытку, прагаласаваў за тое, каб не весці бізнэс у Беларусі. Прафсаюз і прадстаўнікі работнікаў, з іншага боку, асцерагаюцца, што сыход паўплывае на працоўныя месцы ў Аўстрыі і прывядзе да скарачэння працоўных месцаў тут», – піша аўстрыйскае выданне.

Галоўнай прычынай захавання бізнесу ў Беларусі выданне называе той факт, што беларускі мабільны аператар з`яўляецца адным з самых прыбытковых падраздзяленняў A1 Telekom Austria Group. У выпадку сыходу заходняга акцыянера яго месца зоймуць расейцы ці кітайцы, прыводзіць выданне меркаванне крыніцы ў беларускіх дзелавых колах.

Аўтары артыкула робяць выснову, што аўстрыйскі бізнес не сыдзе з Беларусі, нягледзячы на ​​арышт прэс-сакратара Мікалая Брэдзелева, пагрозы нацыяналізацыі, агучаныя беларускай прапагандай і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама заходнія санкцыі, якія, на думку Kurier, не такія суровыя, як супраць Расеі, і пакуль не закранаюць тэлекамунікацыйную галіну.

„A1 Telekom Austria Group не плануе сыходзіць з Беларусі”, — пацвердзіў выданню прадстаўнік аўстрыйскай кампаніі.

reform.by