S&P: Працэс прыватызацыі беларускіх дзяржбанкаў будзе няхуткім
Прыватызацыя дзяржбанкаў з’яўляецца часткай неабходнай рэформы ў фінансавай сферы, аднак працэс іх продажу будзе няхуткім. Такое меркаванне выказалі БелаПАН крэдытныя аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва S&P Global Ratings, каментуючы перспектывы раздзяржаўлення беларускіх дзяржбанкаў.
Нагадаем, 6 ліпеня „Беларусбанк” заявіў аб тым, што падрыхтоўчыя работы па продажы мінарытарнага пакета яго акцый прыпыненыя. У той жа час Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця на мінулым тыдні заявіў, што працягвае займацца працай па перадпродажнай падрыхтоўцы „Банка Масква-Мінск” і „Белінвестбанка” і спадзяецца на паспяховае завяршэнне здзелак.
„Назіраючы за банкаўскім сектарам Беларусі, мы звярнулі ўвагу на падрыхтоўку прыватызацыйных здзелак з удзелам дзяржбанкаў. Мы бачым, што дзяржава рыхтуе банкі да прыватызацыі, пра што сведчыць перавод крэдытных арганізацый на рыначныя прынцыпы працы. Дзяржпраграмамі, якія прадугледжваюць ільготнае крэдытаванне, цяпер займаецца асобны інстытут — Банк развіцця”, — адзначыў у каментары БелаПАН крэдытны аналітык міжнароднага рэйтынгавага агенцтва S&P Global Ratings Віктар Нікольскі.
На думку экспертаў, прыватызацыя дзяржбанкаў станоўча паўплывала б на развіццё фінансавага сектара Беларусі.
„Што тычыцца прыватызацыі беларускіх дзяржбанкаў, пра якую мы чуем сёння, то захады ў гэтым кірунку намі заўсёды расцэньваліся як частка фінансавай рэформы, неабходнай для прыўнясення ў сектар новых тэхналогій і паляпшэння інвестыцыйнага клімату”, — падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН крэдытны аналітык S&P Global Ratings Сяргей Вараненка.
Адказваючы на пытанне пра верагоднасць хуткіх прыватызацыйных здзелак у Беларусі, эксперт звярнуў увагу, што інвестарам заўсёды важна дакладна ўяўляць аддачу банкаўскага капіталу.
„Эканомікі постсавецкіх краін уваходзяць сёння ў сітуацыю „новай нармальнасці”, блізкай да стагнацыі. Банкам у гэтых умовах патрабуецца навучыцца зарабляць ва ўмовах нізкай маржынальнасць і дэфіцыту якасных пазычальнікаў. Таму інвестыцыйная прывабнасць беларускіх дзяржбанкаў, перадпродажная падрыхтоўка якіх ажыццяўляецца, залежыць ад іх здольнасці эфектыўна працаваць у такіх умовах”, — перакананы Вараненка.
На думку аналітыкаў рэйтынгавых агенцтваў, прыватызацыйныя здзелкі, якія сёння абмяркоўваюцца ў Беларусі з удзелам беларускіх банкаў, наўрад ці ўдасца заключыць у найбліжэйшы час.
„Як нам уяўляецца, працэс прыватызацыі беларускіх банкаў будзе няхуткі. Адным з адчувальных пытанняў у такіх здзелках з’яўляецца кошт пытання”, — падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН Віктар Нікольскі.