Беларуская бытавая тэхніка не карыстаецца попытам за мяжой
Продажы беларускай бытавой тэхнікі ва Украіне няўхільна скарачаюцца. Гэта тычыцца найперш лядоўняў, мікрахвалёвых печаў і гандлёвай маразільнай тэхнікі. Прычыны – занадта высокія кошты і высокая канкурэнцыя з боку сусветных брэндаў.
Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Яшчэ паўтара года таму двухкамерная лядоўня вытворчасці менскай фірмы “Атлант” і аналагічная лядоўня італійскага брэнду “Indesit” каштавалі прыблізна аднолькава. Цяпер нават у спецыялізаванай кіеўскай краме “Атлант” кошты на беларускія лядоўні вышэйшыя, чым у італьянскіх, нямецкіх і швецкіх вытворцаў. Тое ж самае тычыцца пральных машын: стандартная аўтаматычная машына славенскага брэнда “Gorenje” каштуе ва Украіне на 7-10% танней, чым аналагічная пральная машына беларускай вытворчасці.
Еўрапейскія вытворцы бытавой тэхнікі маюць ва Украіне лепшую сервісную інфраструктуру, ды і якасць іх зборкі значна вышэйшая. У выніку дылеры беларускай тэхнікі ва Украіне змушаныя ісці на зніжкі, але нават гэта не заўсёды стымулюе продажы.
Мяркуецца, што пасля адмены візавага рэжыму паміж Украінай і Еўразвязам кошты на еўрапейскія тавары знізяцца яшчэ больш. А гэта азначае, што беларускім брэндам давядзецца выходзіць з украінскага рынку.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота atlant-bt.ru