Spiegel: У санкцыйны спіс уключаць «Белавія», «Гродна-Азот» і «Беларусьнафту»
Паводле нямецкага выданьня Spiegel, у пятым пакеце санкцый Еўразвязу супраць лукашэнкаўскага рэжыму апынуцца «Белавія» і дзве іншыя буйныя беларускія кампаніі.
Spiegel адзначае, што, акрамя «Белавія» і беларускіх чыноўнікаў, якіх Брусель вінаваціць у перавозцы мігрантаў да знешняй мяжы Еўразвязу, у спісе апынуцца таксама «Гродна Азот» і «Беларусьнафта» ды сірыйская чартэрная авіякампанія Cham Airlines і турэцкі пастаўнік пашпартна-візавых паслуг VIP Grub.
Spiegel таксама паведамляе, што ў санкцыйны спіс трапілі беларускія турыстычныя кампаніі «Аскартур» і «Цэнтркурорт».
Падаючы гэтую інфармацыю, Spiegel спасылаецца на канфідэнцыйны спіс, зацверджаны кіраўніком дыпламатыі ЕЗ Жузэпам Бурэлем, з якім пазнаёміліся журналісты выдання.
Паводле нямецкага выдання, за ўнясеньне «Белавія» ў санкцыйны спіс выступалі Польшча і краіны Балтыі, а сумневы мела Нямеччына.
У чацвер, 25 лістапада, займацца санкцыйным спісам будуць эксперты краін-чальцоў ЕЗ; у панядзелак, 29 лістапада, яго могуць зацвердзіць амбасадары. Канчатковае рашэнне можа быць прынята на міністэрскай сустрэчы ў канцы наступнага тыдня, піша Spiegel.