Стабільны курс валюты да рубля – ці надоўга?
Стабільны курс даляра і еўра ў дачыненні да беларускага рубля – гэта часовая мера. У гэтым упэўнены эканаміст, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.
Такім чынам улады спрабуюць захаваць грашовыя ўклады насельніцтва ў банках і прыцягнуць новыя. Аднак сітуацыя з валютным рынкам можа змяніцца ўжо ў верасні-кастрычніку гэтага года, як лічыць эксперт:
– Гэта часовая мера, якая з’яўляецца часткай плана беларускіх уладаў па прыцягненні грошай людзей да банкаўскай сістэмы, каб яны не забіралі з банкаў грошы. Думаю, усё скончыцца ўжо ў верасні-кастрычніку. І тады мы пабачым усю слабасць беларускага рубля. Бо калі экспарт падае на 20% у 2016 годзе, калі эканоміка ляціць на мінус 5% ВУП у год, то стабільнай валюта не можа быць. Нават у сітуацыі, калі Нацыянальны банк не друкуе грошы і трымае грашовую масу.
Як адзначае Яраслаў Раманчук, тое, што будзе дэвальвацыя, не выклікае сумневаў. Нават калі гэта будзе не ў гэтым годзе, то абавязкова на пачатку наступнага – мяркуе эканаміст.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
