Стала вядома, колькі ІП у Менску
Паводле даных на 1 красавіка 2023 года, у Менску налічваецца 61,4 тыс. арганізацый і 73,1 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Такія звесткі прыводзіць агенцтва „Мінск-Навіны” са спасылкай на сталічную інспекцыю МПС.
На 1 студзеня 2023 года, паводле звестак рэсурсу Statuspro.by, у Беларусі зарэгістравана каля 260 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Атрымліваецца, у сталіцы працуе прыкладна кожны трэці ІП.
Ужо больш за паўтара года ў Менску немагчыма зарэгістраваць ІП. Усяго ж за мінулы год у Беларусі з’явілася амаль 15,5 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, у ліквідацыю пайшло амаль 24,9 тыс.
Цяпер у парламенце разглядаюць законапраект, які істотна змяніць працу дробных прадпрымальнікаў. У прыватнасці, прадугледжана, што ІП змогуць займацца толькі тымі відамі дзейнасці, якія ўключаць у пералік Саўміна. Тыя, чыіх відаў дзейнасці ў пераліку не акажацца, змогуць працаваць да канца 2025 года. Затым ім трэба будзе або закрыцца, або перайсці ў юрыдычную асобу. Выключэнне закране толькі арганізацыю і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў — пры такім відзе дзейнасці ІП можна быць толькі да 1 ліпеня 2023 года, паведамляе officelife.media.