Стала вядома папярэдняя дата завяршэння ацяпляльнага сезону



Тэрмометры ў Берасці 24 красавіка паказвалі +19 градусаў па Цэльсію. Нягледзячы на гэта ацяпляльны сезон па-ранейшаму не завершаны і батарэі ў некаторых кватэрах застаюцца гарачымі. У берасцейскай кацельнай гаспадарцы паведамілі, што рашэнне пра адключэнне ацяплення прымае абласное ўпраўленне ЖКГ, але пакуль такое рашэнне ім не паступала.

Сітуацыю пракаментавалі ў згаданым упраўленні:

– Рэжым пратаплівання зараз ідзе. Як след на дзень скідваецца (тэмпература ў батарэях), а на ноч яно ўключаецца. Па надвор’і. Вось ужо з аўторка пацяпленне пойдзе. 29 (красавіка) арыентыровачна будзе адключэнне, калі нічога не зменіцца (па надвор’і).

У мінулым годзе ацяпляльны сезон скончыўся ў першай палове красавіка. Сёлета ж некаторыя берасцейцы непакояцца наконт таго, што працяг ацяпляльнага сезону амаль да пачатку траўня можа негатыўна паўплываць на іх фінансавы стан і здароўе. „Калі горача ў кватэры, прыходзіцца адчыняць вокны і на скразняку чым-небудзь захварэць”, – дадаюць яны.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце