Сталі вядомыя стаўкі падатку на здачу кватэр у 2023 годзе



На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікаваны закон №230-3 ад 30 снежня „Аб змене законаў па пытаннях падаткаабкладання”. Ім вызначаны новыя стаўкі падатку на здачу кватэр і іншых памяшканняў.

У Менску за здачу жылых памяшканняў трэба будзе плаціць зараз 43,9 рубля за пакой ці садовую хатку, дачу за месяц. Падатак на здачу металічнага або драўлянага гаража, машына-месца складзе 14,2 рубля, а на жалезабетонны або цагляны гараж – 18,2 рубля. Стаўка падатку на іншыя нежылыя памяшканні складае 7,2 рублі за квадратны метр у месяц.

У абласных цэнтрах і Менскім раёне стаўка падатку на здачу кватэр (за пакой) і дач складае 41,2 рубля ў месяц, за гаражы – 11,3 і 15,6 рубля ў месяц, за іншыя нежылыя памяшканні – 5,6 рубля ў месяц.

У гарадах Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Ваўкавыск, Горкі, Дзяржынск, Жлобін, Жодзіна, Кобрын, Крычаў, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Навагрудак, Наваполацк, Орша, Асіповічы, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слонім, Слуцк, Смаргонь, Салігорск, Фаніпаль здача кватэры (за пакой), дачы абыйдзецца ў 27 рублёў у месяц, гаража або машына-месцы – 7,2 або 10 рублёў у месяц, а іншых нежылых памяшканняў – 4,3 рубля за кв. м у месяц.

У іншых гарадах абласнога, раённага падпарадкавання і пасёлкаў гарадскога тыпу падатак на здачу кватэры (за пакой), дачы складзе 19,8 рубля, за гараж давядзецца плаціць 5,6 або 7,2 рубля, а за іншыя нежылыя памяшканні – 4,3 рубля за кв. м у месяц.

У іншых населеных пунктах і тэрыторыях падатак на здачу кватэры (за пакой), дачы складзе 14,2 рубля ў месяц, за гараж – 4,3 і 5,9 рубля ў месяц, а за іншыя памяшканні – 2,9 рубля за кв. м у месяц.