Сталічным пенсіянерам не вернуць льготны праезд
Калектыўны зварот пра вяртанне льготаў на праезд у гарадскім транспарце для сталічных пенсіянераў, ініцыяваны стваранай партыяй “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, аператыўна разгледжаны дзяржаўнымі органамі. І аператыўна выдана адмова за подпісам першага намесніка міністра Андрэя Лабовіча.
Прычына – вяртанне льготаў запатрабуе выдзялення з рэспубліканскага бюджэту значных фінансавых сродкаў, а гэта немагчыма ва ўмовах дэфіцыту бюджэту. Сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі называе такі адказ цынічным:
– Наша арганізацыя накіравала некалькі соцень подпісаў са зваротам вярнуць льготны праезд пенсіянерам, ветэранам працы ў горадзе Менску. І прыйшоў адказ, што не будзе вяртацца льготны праезд, бо на гэта не хапае бюджэтных сродкаў. Такі цынічны адказ напярэдадні выбараў сведчыць пра тое, што Лукашэнку і гэтаму рэжыму не патрэбна больш падтрымка пенсіянераў – яго галоўнага электарату. Таму перад выбарамі яны адкрыта адштурхоўваюць такія звароты.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў сваім адказе згадвае пра некаторыя меры ў падтрымку пажылых людзей і заяўляе, што ў краіне пражывае каля 2,5 мільёнаў пенсіянераў, з іх – 1 мільён 900 тысяч – ветэранаў працы. Нагадаем, што пенсіянеры пазбаўлены льготнага праезду і шэрагу іншых льготаў Законам 2007 года.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя