Standard & Poor’s: Хуткае ўрэгуляванне палітычнага крызісу ў Беларусі малаверагоднае



Найбліжэйшым часам палітычны крызіс у Беларусі наўрад ці будзе ўрэгуляваны, і гэта будзе мець негатыўны ўплыў на нацыянальную эканоміку. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Standard & Poor’s, якія падрыхтавалі справаздачу па суверэнных рэйтынгах Беларусі.

Аналітыкі агенцтва пацвердзілі суверэнныя рэйтынгі Беларусі на ўзроўні „B” з негатыўным прагнозам. Адна з прычын для такога прагнозу, гаворыцца ў справаздачы, — палітычная сітуацыя, якая склалася ў краіне пасля выбараў. Эксперты агенцтва канстатуюць, што ў Беларусі працягваюцца штотыднёвыя акцыі пратэсту, а Аляксандр Лукашэнка „па-ранейшаму адмаўляецца пачынаць перамовы з прадстаўнікамі апазіцыі для ўрэгулявання крызісу”.

„Мы лічым, што выхад з бягучай складанай сітуацыі можа быць асабліва абцяжараны з прычыны адсутнасці ў Беларусі незалежных інстытутаў, якія маглі б стаць годным даверу незалежным арбітрам і дапамагчы эфектыўна вырашыць існуючыя супярэчнасці”, — адзначаюць суверэнныя аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.

Яны звяртаюць увагу, што на працягу многіх гадоў Аляксандр Лукашэнка кантралюе ўсе ключавыя галіны ўлады, а сістэма стрымак і проціваг паміж рознымі дзяржаўнымі органамі была абмежаванай.

„Пры гэтым у краіны няма вопыту перадачы ўлады падчас выбараў. Урэгуляванне сітуацыі ў найбліжэйшы час уяўляецца нам усё менш верагодным. Пасля некалькіх тыдняў павышанай валацільнасці мы мяркуем, што перыяд складанай палітычнай сітуацыі ў краіне можа зацягнуцца”, — гаворыцца ў справаздачы Standard & Poor’s.

Калі сітуацыя не зменіцца, яна будзе аказваць негатыўны ўплыў на беларускую эканоміку, лічаць аналітыкі. „З нашага пункту гледжання, бягучыя падзеі негатыўна ўплываюць на тэхналагічны сектар Беларусі. Пасля выбараў праца інтэрнэту была спыненая на некалькі дзён, што, верагодна, падарве давер замежнага і беларускага бізнесу да IT-сектара, які апошнімі гадамі з’яўляўся важным фактарам эканамічнага росту”, — лічаць эксперты.

Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва таксама дапускаюць, што пратэстныя настроі могуць аднавіцца ў рэальным сектары эканомікі. „У жніўні на розных дзяржпрадпрыемствах мелі месца акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў. І, хоць яны ў цэлым спыніліся, а эфект ад іх апынуўся абмежаваным, іх магчымае аднаўленне можа ў далейшым аслабіць пазіцыі і без таго ўразлівых дзяржпрадпрыемстваў”, — мяркуюць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.

belapan.by