Станіслаў Багданкевіч: Будзем і надалей грошы браць, каб іх аддаваць…
Нягледзячы на атрыманне расейскага крэдыту, золатавалютныя рэзервы ізноў знізіліся. Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў БАГДАНКЕВІЧ кажа, што за чужыя грошы Беларусь працягне жыць і надалей, але расейскія датацыі знізяцца.
У верасні Беларусь атрымала гіганцкі расейскі дзяржаўны крэдыт у суме 1,55 млрд даляраў. Крэдыт быў выкарыстаны на рэструктурызацыю дзяржаўнага доўгу, паведамляе “Наша Ніва”.
А вось золатавалютныя рэзервы працягвалі разыходзіцца. За верасень яны знізіліся на істотныя 285 млн даляраў. На 1 кастрычніка яны складаюць 6,004 млрд даляраў.
Ад пачатку года золатавалютныя рэзервы знізіліся агулам на $646 млн. І гэта прытым што валавая замежная запазычанасць Беларусі расце, за гэты год яна можа павялічыцца прыкладна на 3 млрд даляраў.
Станіслаў Багданкевіч: Мы бярэм новыя крэдыты, каб разлічыцца са старымі – гэта ўсе ведаюць. Замкнёная кола, у якім нічога добрага няма. Запазычанасці толькі павялічваюцца. У апошнія гады так і жывём – за кошт расейскіх датацый, знешніх траншаў і за кошт праядання тых дзяржаўных актываў, якія прадаём падчас прыватызацыі. І іншага выйсця беларускія ўлады, відаць не бачаць. Эканоміка слабая. Натуральна, у нас узрадаваліся, што Масква ўвяла санкцыі па сутнасці ў адносінах да самой сябе, калі забараніла ўвоз некаторых відаў прадукцыі з Захаду. Але аказалася, што ў Расеі ідзе рэцэсія і вываз капіталу, падзенне вытворчасці і рубля. Так што да плюсаў дадаліся і мінусы. Фізічна мы пастаўляем у Расею больш тавараў, а грошай атрымоўваем менш. Гэта не толькі па сельскагаспадарчай прадукцыі, але і па прамысловасці. Ізноў жа – церпіць беларуская эканоміка. А на мадэрнізацыю спадзяванні невялікія, бо яна ідзе ўжо гадамі, а выніку ніякага. Страты вялізныя, і яны павялічваюцца. Мэта любой эканомікі – прыбытак. А ў нас яна адміністрацыйна падтрымліваецца за кошт больш рэнтабельных галінаў і роста знешняй запазычанасці і рэзерваў.
РР: Адным словам, у наступным годзе прыйдзецца ізноў прасіць у Расеі пазыкі?
Станіслаў Багданкевіч: Калі Масква дасць, бо, як ужо казаў, у іх саміх праблемы. Захад жа таксама ўвёў санкцыі супраць Крамля і адмаўляе ў прадастаўленні доўгатэрміновых крэдытаў расейскім банкам. А Расея набрала гэтых крэдытаў і павінна аддаваць. Але няма магчымасці прасіць новыя траншы, каб вярнуць старыя. Так што ім бы са сваімі праблемамі разабрацца. У такіх умовах відавочна, што Масква скараціць датацыі і Беларусі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя